Рэпартаж са святочнага мерапрыемства з нагоды Дня пажылых людзей

Актуальное

Па добрай традыцыі 1 кастрычніка ў раённым Доме культуры адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды Дня пажылых людзей з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, райсавета, сацабароны і іншых службаў раёна.
Канцэртная праграма пачалася з віншавання старшыні райвыканкама М. І. Баговіча са святам прысутных у зале — пажылых людзей раёна. Мікалай Ірынархавіч акцэнтаваў увагу на тое, што пажылым людзям важна не толькі атрымліваць якасныя сацыяльныя паслугі або медыцынскае абслугоўванне, але і рэалізаваць іх унутраны патэнцыял. “Па ўсім бачна, што большасць людзей сталага ўзросту, не лічаць сябе пажылымі, нямоглымі, не мірацца з узростам, яны поўныя жыццёвых сіл і планаў. Мы стараемся падтрымліваць іх жыццёвую пазіцыю. Прадастаўляем магчымасць працаваць,” — падкрэсліў кіраўнік раёна. І ў якасці прыкладу назваў прозвішчы актывістаў, у якіх можна павучыцца аптымізму, жыццёвай мудрасці і вопыту. Прыемна было кіраўніку гурта ветэранаў “Надзея” Тэрэзе Уладзіміраўне Ахрамёнак атрымаць Ганаровую грамату і кветкі ад старшыні райвыканкама, яе былога вучня М. І. Баговіча. Такую ж узнагароду атрымаў і 75-гадовы юбіляр Яўгеній Фаміч Кандраценка, які падзякаваў кіраўніцтву раёна за ўвагу і клопат аб ветэранах. А Іна Мар’янаўна Шынкевіч — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама — кожнаму ўдзельніку гурта “Надзея” уручыла кветкі і памятныя сувеніры.
Прыемнай навіной стала паведамленне аб выдзяленні новага аўтамабіля тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна. Ключы ад “Пежо-Партнёра” М. І. Баговіч уручыў дырэктару ТЦСАН С. М. Савейка.
Затым святочную дзею прадоўжылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.
Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя БУРЦА.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *