Для жыхароў Германавіцкага сельсавета быў адкрыты сацыяльны пункт ТЦСАН

Общество

У сакавіку мінулага года для жыхароў Лужкаўскага сельсавета быў адкрыты сацыяльны пункт тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А роўна праз год аналагічны пункт гасцінна адкрыў свае дзверы на базе Германавіцкага сельвыканкама.

— Сёння мы з вамі прысутнічаем на адкрыцці сацыяльнага пункта з прымяненнем выязной формы работы, — адзначыла дырэктар ТЦСАН Іна Прыстаўка. — Што гэта азначае? Спецыялісты шматлікіх аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на пастаяннай аснове будуць ажыццяўляць выезды ў аграгарадок Германавічы з мэтай забеспячэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці.

Пенсіянеры, шматдзетныя сем’і, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, людзі з інваліднасцю цяпер маюць магчымасць карыстацца паслугамі сацыяльнага пункта. Жыхарам Германавіч і навакольных вёсак стане зручным трапіць сюды, каб атрымаць патрэбную кансультацыю, параду, рэкамендацыю па шматлікіх пытаннях ад кваліфікаваных спецыялістаў. Гэта прадастаўленне матэрыяльнай і адраснай сацыяльнай дапамогі, атрыманне кансультацый наконт забеспячэння тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, афармлення ў дамы-інтэрнаты, у аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева, аказання іншых відаў сацыяльнай падтрымкі.

— Час не стаіць на месцы. Адкрыццё сацыяльнага пункта — важная падзея для мясцовых жыхароў, — падкрэсліла старшыня Германавіцкага сельсавета Мая Якімовіч. — На прыёме па тых або іншых пытаннях патрэбен спецыяліст, які можа аказаць кваліфікаваную дапамогу. Для пажылых і малазабяспечаных грамадзян гэта вельмі важна.

Прыём грамадзян у сацыяльным пункце, які размяшчаецца ў будынку Германавіцкага сельвыканкама, будзе праходзіць кожны трэці чацвер месяца з 10 да 12 гадзін.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.