Зімні перыяд заўсёды характарызуецца няўстойлівым надвор’ем: нізкія тэмпературы паветра, снегапады змяняюцца частымі адлігамі і галалёдзіцай. Такія кліматычныя ўмовы негатыўна сказваюцца на стане дарожнага пакрыцця.
Яшчэ ў лютым камунальнікі і работнікі дарожных арганізацый прыступілі да ямачнага рамонту вуліц гарадскога пасёлка, сельскіх населеных пунктаў і дарог раёна. Для хуткага лакальнага ліквідавання пашкоджанняў выкарыстоўваюць арганамінеральную сумесь (халодны асфальт), прыдатную для выраўноўвання дарожнага пакрыцця ў любую пару года. Да таго ж адразу пасля рамонту ўчастка па ім можна адкрываць рух.
Спачатку рабочыя ачышчаюць выбоіну ад гразі, дзе неабходна, выдаляюць вільгаць спецыяльным прыстасаваннем, напаўняюць яму халодным асфальтам, а затым трамбуюць яго.
У адзін з красавіцкіх дзён работнікі лінейна-дарожнай дыстанцыі № 353 дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 35 займаліся ямачным рамонтам на трасе Р-18, паблізу вёскі Галінова. На адным з участкаў асфальтабетоннае пакрыццё пасля зімы знаходзілася ў вельмі нездавальняючым стане, што стварала аварыйную сітуацыю для ўдзельнікаў руху. Літаральна за некалькі гадзін пашкоджанні былі ліквідаваны, а аўтатранспарт пачаў рухацца без перашкод.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

