Сярод старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый нашага раёна, напэўна, можна па пальцах пералічыць тых, хто мае такі багаты стаж і вопыт грамадскай дзейнасці, як Галіна Бучынская з Більдзюжскай сярэдняй школы. На працягу 18 гадоў яна з’яўляецца прафсаюзным лідарам установы.
У працоўнай кніжцы Галіны Бучынскай адзіны запіс: у 1992 годзе яна была прынята на работу ў Більдзюжскую сярэднюю школу настаўніцай хіміі і біялогіі, дзе і працуе па сённяшні дзень.
Педагог з вялікім вопытам работы ўмела знаходзіць падыход не толькі да вучняў, але і да сваіх калег. Пры гэтым кола дзейнасці прафсаюзнага лідара дастаткова шырокае. Аднак, калі расстаўляць прыярытэты, то гэта выкананне калектыўнага дагавора, ахова працы і дысцыпліна, здаровы лад жыцця, удзел у розных мерапрыемствах.
- Прафсаюзная праца — гэта, у першую чаргу, адносіны з людзьмі. На шчасце, у нашым калектыве пануе добразычлівая атмасфера, узаемаразуменне і павага існуюць як паміж калегамі, так і з кіраўніцтвам навучальнай установы, — расказала Галіна. — З цягам часу склаліся свае добрыя традыцыі. Мы заўсёды віншуем нашых работнікаў з юбілейнымі днямі нараджэння, праводзім святочныя мерапрыемствы да прафесійных і дзяржаўных святаў. Не забываем і пра ветэранаў працы: віншуем іх са святамі, па магчымасці запрашаем у школу на цікавыя мерапрыемствы. Значную ўвагу надаем аздараўленню членаў прафсаюза і іх дзяцей. Штогод супрацоўнікі нашай установы маюць магчымасць адпачыць па пуцёўках у санаторыях.
Пярвічка Більдзюжскай сярэдняй школы жыве актыўным жыццём. Яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, выязджаюць калектывам на экскурсіі. У гэтым годзе ўсім асабліва запомнілася правядзенне акцыі «Ад усёй душы», падчас якой віншаванні прымалі ветэраны педагагічнай працы.
Адказнага і сумленнага старшыню пярвічкі паважаюць у Шаркаўшчынскім раённым аб’яднанні прафсаюзаў і раённай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. За свае шчырыя адносіны да грамадскіх абавязкаў на свяце, прысвечаным Дню працы і 120-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі, Галіна Бучынская атрымала ўзнагароду — Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў .
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Алены АНАНІЧ.

