У РЦР праходзіць выстава творчых работ «Жыве ў народзе прыгажосць»

Общество

Больш за 30 майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва жывуць і працуюць на тэраторыі раёна, удзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці. Усіх іх аб’ядноўвая любоў да прыгажосці і студыя народных майстроў «Талака», удзельнікамі якой яны з’яўляюцца.

Нядаўна ў раённым Цэнтры рамёстваў прашла выстава творчых работ «Жыве ў народзе прыгажосць». Майстры студыі «Талака» прадставілі шаркаўчанам вырабы, выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх маляванне дываноў, ткацтва рушнікоў, посцілак, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, ганчарства, разьба па дрэве, аплікацыі з саломкі, шмат чаго іншага.

Са сваімі работамі і тэхнікамі іх выканання прысутных пазнаёмілі Любоў Сырцова, Марыя Хуцкая, Марыя Талапіла і іншыя майстры, якія ў сваіх непаўторных вырабах імкнуцца не толькі захаваць традыцыйнае народнае мастацтва, але і ўдасканаліць яго. Сярод майстроў студыі асобна хочацца адзначыць сям’ю Сяргея і Ганны Рымдзёнкаў, якія дасягнулі высокай ступені майстэрства і атрымалі «Ганаровыя званні народных майстроў Республікі Беларусь». Ганна прафесійна валодае ткацкім станком, тчэ посцілкі, рушнікі, паясы. Яна ўмела перадае сваё уменне нашчадкам, вядзе гурткі «Чаўнок» і «Чароўная нітка». Яе муж Сяргей — таленавіты ганчар. У раёне добра вядомы яго вырабы з гліны: збаны, гаршкі, вазоны да кветак, свістулькі і шмат чаго іншага. Майстар працуез дзецьмі, перадае ім свае веды, вучыць ганчарнаму рамяству.

Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе ў студыі пачалі працаваць пяць новых майстроў — Таццяна Падрэз, Эма Баговіч, Ала Прыстаўка, Ангеліна Лабатая і Любоў Хрол.

Завяршылася мерапрыемства тэатралізаванай пастаноўкай супрацоўнікаў раённага Цэнтра рамёстаў.

Алена АНАНІЧ, фота аўтара.