Свята футбола прайшло ў Шаркаўшчыне

Спорт

 

Відовішчна і захапляльна прайшоў паядынак паміж футбольнымі камандамі Шаркаўшчыны і Верхнядзвінска ў межах рэгіянальнага этапу спаборніцтваў па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі.

На працягу ўсяго матча балельшчыкі нашых спартсменаў і прыхільнікі сапернікаў гучна падтрымлівалі аматараў скуранога мяча.

Амаль з пачатку гульні перавага апынулася за шаркаўчанамі. На 6-ай хвіліне Юрый Жынгель забіў першы гол у вароты сапернікаў. Гэта акалічнасць надала бадзёрасці шаркаўчанам. У хуткасці, на 14-ай хвіліне Уладзіслаў Жынь трапным ударам нікіраваў у сетку варот каманды Верхнядзвінска другі мяч. Шаркаўчане сталі весці ў гульні з лікам 2:0. На, жаль з-за грубых парушэнняў правілаў гульні галоўны суддзя спаборніцтваў паказаў чырвоную картку шаркаўчаніну Васілю Кошэлю.

У другім тайме фартуна перайшла на бок сапернікаў. На 63-ай хвіліне верхнядзвінскія футбалісты змаглі прарваць абарону шаркаўчан і забіць першы гол па пенальці. Ва ўпартай барацьбе, якую вялі нашы землякі, атрымаў траўму Уладзіслаў Жынь, якому спатрэбілася медыцынская дапамога. Магчыма, гэта акалічнасць паспрыяла таму, што сапернікі на 65-ай хвіліне накіравалі другі мяч у сетку варот нашых футбалістаў.

Пасля фінальнага свістка галоўнага суддзі лік на табло застаўся 2:2. Такім чынам, шаркаўчане і іх сапернікі з Верхнядзвінска згулялі ўнічыю. Белельшчыкі нашай каманды засталіся задаволены гульнёй землякоў, якія не аддалі перамогу сапернікам, а стойка трымаліся ў паядынку.

Наступную гульню футбольная каманда з Шаркаўшчыны правядзе ў Дуброўне 8 чэрвеня. На сваім полі нашы землякі будуць чакаць сапернікаў з Ліёзна 16 чэрвеня.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.