Менавіта такія плошчы сенажацяў можа скасіць адзін трактарыст за светлавы дзень.
А завуць гэтага перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці Яўген Баговіч. Працуе ён у адкрытым акцыянерным таварыстве «Даватарскі». Не шукаў хлопец пасля заканчэння школы лепшай долі ў горадзе, а набыў прафесію механізатара і сеў за руль трактара.
— На сваім энерганасычаным «Беларусе» МТЗ-3522 выконваю ў гаспадарцы разнастайныя работы, — кажа Яўген. — З ранняй вясны і да позняй восені спраў хапае. І з плугамі вяду ўзворванне, і з культыватарам апрацоўваю глебу, калі трэба, то і збажыну пасею таксама. Тэхніку люблю з дзяцінства, таму жыццё ў вёсцы і праца на роднай зямлі — гэта маё. Трэці сезон у маім карыстанні сапраўдны беларускі асілак палёў. Тэхніка магутная, у ёй шмат электронікі, па-сучаснаму абсталявана месца ў кабіне, каб механізатар адчуваў сябе камфортна. У час касавіцы зачапіў да трактара дзевяціметровую касілку КПР-9 вытворчасці завода «Гомсельмаш». Канечне, здараюцца раз-пораз паломкі, але агрэгат надзейны. Калі поле папярэдне выдатна выпрацавана, няма няроўнасцяў, то за светлавы дзень скошваю не менш за пяцьдзясят гектараў.
— Ніхто з мясцовых трактарыстаў не адважыўся працаваць у счэпе з дзевяціметровай касілкай, — тлумачыць галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Машнюк. — А Яўген не пабаяўся цяжкасцяў і па-гаспадарску ўзяўся за справу. Цяпер ён — лідар сярод механізатараў, занятых на касьбе траў. І наогул, любая справа Яўгену па плячы. Пабольш бы такіх працаўнікоў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

