У канцы чэрвеня 1941 года Шаркаўшчынскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Разгарнулася актыўная барацьба з гітлераўцамі. Ад Шаркаўшчыны да Пастаў дзейнічалі Полаўская падпольная камсамольская арганізацыя «За Радзіму», партызанскія атрады «Спартак», «Кастрычнік», якія пазней перараслі ў брыгады, Шаркаўшчынскі і Пліскі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, 16 падпольных арганізацый і 20 антыфашысцкіх груп.
Трывожны чэрвень 1941-га
22 чэрвеня 1941 года да савецкіх грамадзян звярнуўся намеснік старшыні Савета народных камісараў СССР Вячаслаў Молатаў, які паведаміў аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. У першы дзень вайны варожыя самалёты бамбілі чыгунку ў Шаркаўшчыне, але нядоўга. Бомбы не трапілі ў зададзеную цэль, а ляглі на ўскрайку. Прамова Молатава і бамбёжка чыгуначнай станцыі выклікалі ў насельніцтва збянтэжанасць і трывогу. Усе абмяркоўвалі пачатак вайны. У другой палове дня вялікі абоз нагружаных фурманак рушыў з Шаркаўшчыны на ўсход — ад’язджалі сем’і савецкіх служачых. Гэта яшчэ больш устрывожыла мясцовае насельніцтва. Райваенком абвясціў мабілізацыю ў раёне на другі дзень вайны. Зборачным пунктам была прызначана сярэдняя школа. Людзі ўвесь дзень чакалі загаду. Пад вечар наступнага дня прыйшло распараджэнне распусціць усіх па хатах.
Першы сакратар райкама і амаль усе камуністы раёна, не прызваныя ў Чырвоную армію, засталіся на месцы для арганізацыі партызанскага руху. Грузавыя аўтамашыны пачалі завозіць у Пілацкі бор і іншыя вялікія лясы зброю і прадукты харчавання для першых партызанскіх баз.
З успамінаў Ігната ЯСІНСКАГА, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара вёскі Більдзюгі:
«Калі пачалася вайна, мне было 15 год. У той дзень я пасвіў кароў. Маці вярталася з набажэнства з касцёла вёскі Барадзінічы Браслаўскага раёна і там пачула, што «немец пайшоў вайной на Савецкі Саюз». Запомніліся эпізоды адступлення байцоў Чырвонай арміі, якія невялікімі групамі ішлі днём і ноччу. Аднойчы я схадзіў у лес і прынёс дадому многа грыбоў. Разам з маці мы іх перабралі і ў вялікім катле зварылі суп. Адвячоркам у хату зайшлі адступаючыя чырвонаармейцы і папрасілі есці. Маці падзялілася з галоднымі байцамі грыбным супам. Чырвонаармейцы, крыху падсілкаваўшыся, рушылі на ўсход. Немцы ў нашых мясцінах з’явіліся на трэці дзень вайны. Першымі варожымі салдатамі, якіх мне давялося ўбачыць, былі дазорныя матацыклісты. Зрэдку праляталі самалёты, якія ішлі звёнамі па тры, дзевяць крылатых машын. Паветраных баёў над нашай тэрыторыяй я не назіраў. Кожны дзень акупацыі застаўся ў памяці. Арышты, здзекі, пастаянныя расстрэлы людзей — усё гэта прынеслі ў наш край нямецка-фашысцкія захопнікі».
У пошуках паратунку
У першы дзень вайны каля Германавіцкага сельсавета тоўпіўся народ. Гэта былі мясцовыя служачыя, актывісты, якія шукалі парады, што рабіць далей. Яны не ведалі на што рашыцца — уцякаць ад фашыстаў ці заставацца тут. Да дому іх прывязвалі сем’і, гаспадарка. Аднак яны ведалі і фашысцкія адносіны да мірнага насельніцтва. Шмат хто з мясцовых жыхароў служыў у польскім войску і бачыў сваімі вачыма ўчынкі, што тварылі немцы над палякамі, як руйнавалі іх гарады і вёскі.
Раптам у небе з’явіліся варожыя самалёты. Яны ляцелі з усходу на невялікай вышыні. Бамбіць не сталі, бо свой смертаносны груз скінулі недзе раней. Толькі для панікі абстрэльвалі кожную фурманку або статак жывёлы.
У Лужках была зусім іншая карціна. Усё мястэчка запоўнена вайсковымі фурманкамі і чырвонаармейцамі. Адчувалася ва ўсім мітусня — бегалі камандзіры, няспынна вялася пераклічка, чуліся паасобныя каманды, а парадку ва ўсім гэтым не было. Хадзілі панічныя чуткі, што немцы занялі Глыбокае і Дзісну. На доўгі час у Лужках ніхто не спыняўся. За вёскай цягнуўся амаль суцэльны абоз вайскоўцаў з іх рыштункам, усе шукалі паратунку.
Акупацыйны рэжым
Падрыхтаваць захопленыя землі для нямецкай каланізацыі — такая была мэта акупацыйнага рэжыму. Ідэалагічнай яго асновай з’яўлялася тэорыя нацыстаў пра расавую перавагу нямецкай нацыі над іншымі народамі, пра неабходнасць пашырэння жыццёвай прасторы для немцаў і права на сусветнае панаванне «Трэцяга рэйха».
Віцебшчына, у тым ліку і Шаркаўшчына, была аднесена да так званай вобласці армейскага тылу групы армій «Цэнтр». Яе тэрыторыя падзялялася на акругі (гебіты). Тэрыторыя Шаркаўшчыны ўваходзіла ў Глыбоцкую акругу, якую ўзначальваў гебітскамісар Яўген Карл. Раённую ўправу ўзначальваў бургамістр. На тэрыторыі былых сельсаветаў былі створаны воласці на чале з валаснымі старшынямі, у вёсках празначаліся старасты, солтысы і войты.
Для падтрымання «новага парадку», масавага крывавага тэрору, была створана сістэма нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, а таксама апорных пунктаў дапаможнай паліцыі службы парадку, у якую ўваходзілі мясцовыя жыхары, што пайшлі на службу да акупантаў.
На тэрыторыі нашага раёна ў найбольш буйных населеных пунктах размяшчаліся нямецка-паліцэйскія гарнізоны: у г. п. Шаркаўшчына (220 чалавек), у мястэчку Іёды (60 чалавек), у маёнтку Чырвоны Двор (600 чалавек), у вёсцы Казінцы (180 чалавек), у вёсцы Гнілое Балота (150 чалавек), у вёсцы Казакі (80 чалавек), у вёсцы Бардзянцы (35 чалавек), у вёсцы Грыгараўшчына (45 чалавек). У невялікіх вёсках апорай старастаў былі 2—3 мясцовыя паліцэйскія. Агульная колькасць узброеных гітлераўцаў і іх памагатых у раёне складала звыш 1500 чалавек.
Кола людзей, якія падвяргаліся тэрору, увесь час пашыралася. Фашысты знішчалі партыйны савецкі актыў, асобныя сем’і, палілі вёскі разам з жыхарамі. Людзі былі пазбаўлены ўсялякіх грамадзянскіх правоў, свабоды. У населеных пунктах уводзілася вельмі многа падаткаў. Акрамя асноўных былі і дадатковыя — на дом, жывёлу, птушку і г. д. Сельскае насельніцтва абкладвалася яшчэ і рознымі паборамі, прымусовымі пастаўкамі прадуктаў харчавання, працоўнымі павіннасцямі. Нарабаваныя прадукты і жывёлу акупанты пастаўлялі сваёй арміі і вывозілі ў Германію.
Ішла вайна народная
Беларусы узняліся на ўсенародную барацьбу з ворагам. У раёне былі створаны падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, тысячы людзей пайшлі ў партызанскія атрады. Пад выглядам барацьбы з народнымі мсціўцамі акупанты праводзілі карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва і масава знішчалі яго. У загадзе рэйхміністра ўнутраных спраў Германіі Генрыха Гімлера ад кастрычніка 1942 года гаварылася, што барацьбу з партызанамі трэба весці з самай бязлітаснай жорсткасцю, у гэтай барацьбе не павінна быць палонных, бо яна вядзецца да поўнага знішчэння. Так на самой справе і адбывалася. З восені 1942 года праводзіліся карныя экспедыцыі, у агні гінулі вёскі разам з жыхарамі. У Шаркаўшчыне, Іёдах, Германавічах і Лужках ствараліся гета для людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Амаль усе яны былі знішчаны, выжыць удалося адзінкам.
Праект падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту


