За працай — ўладары «блакітнага агеньчыка»

Общество

Прыказку, што не памыляецца той, хто нічога не робіць прыдумалі не пра газавікоў. На першым месцы ў гэтай службе — строгая дысцыпліна, прафесійнае ўдасканаленне.

Шаркаўшчынскі раён газазабеспячэння філіяла «Браслаўгаз» бесперабойна забяспечвае прыродным і звадкаваным газам прадпрыемствы, арганізацыі, шматкватэрныя дамы, прыватны сектар гарадскога пасёлка і раёна. Спецыялісты арганізацыі займаюцца рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы і газаспажывання. Штат работнікаў вопытны і кваліфікаваны. Іх працоўныя заслугі заўсёды адзначаюцца ўзнагародамі рознага ўзроўню.

— Калектыў Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння налічвае 39 чалавек, — паведаміў кіраўнік арганізацыі Эдвард Вялічка. — На абслугоўванні — 84 кіламетры газавых сетак рознага ціску. На тэрыторыі раёна знаходзяцца адзін прамысловы карыстальнік (УКП ЖКГ), 3 сельскагаспадарчыя, 11 камунальна-бытавых. За 2024 год газіфікавана 19 кватэр звадкаваным і прыродным газам. Летась перад правядзеннем фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» была мадэрнізавана вытворчая база прадпрыемства, адміністрацыйны будынак, пабудаваны аўтамабільная мыйка, гараж з крытай стаянкай, палепшыліся ўмовы працы ўсіх работнікаў.

З лепшага боку зарэкамендавалі сябе майстры Дар’я Лутохіна і Андрэй Жыжыкін (на здымку). Кожны з іх — адказны і добрасумленны спецыяліст, дакладна ведае сваю работу, на пастаяннай аснове павышае кваліфікацыю, праяўляе ініцыятыву.

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці — шэраг спецыялістаў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Бярнарду Бука прысвоена званне Заслужанага работніка УП «Віцебскаблгаз». Міхаіл Шышко занесены на Дошку гонару УП «Віцебскаблгаз». Мікалаю Фёдараву ўручана Падзяка УП «Віцебскаблгаз». Падзякай аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі УП «Віцебскаблгаз» адзначана Людміла Паўловіч. Яўген Ерахновіч і Андрэй Падабыцька занесены на Дошку гонару ВУ «Браслаўгаз». Падзякі ВУ «Браслаўгаз» уручаны Дар’і Лутохінай, Ірыне Вялічка і Алене Неміровіч. Матэрыяльнае і маральнае заахвочванне работнікаў стымулюе іх да новых высокіх вытворчых паказчыкаў. У гэтым я цвёрда ўпэўнены.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.