Цяпло і камфорт прыходзяць у дамы шаркаўчан

Общество

У Шаркаўшчынскім філіяле Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам — невялікі калектыў, усяго 15 чалавек. Затое поспехі — значныя, а праца ідзе дружна і зладжана.

Прыгажосць і парадак — першая думка, калі заходзіш на тэрыторыю філіяла. Выдатныя ўмовы створаны на прадпрыемстве і на кожным працоўным месцы. А галоўнае, атмасфера ў калектыве зусім сямейная, і слова «ўзаемападтрымка» — не пусты гук. Тут не ведаюць, што такое цякучка кадраў. Нездарма за  апошнія гады калектыў практычна не змяніўся.

— Па добрай традыцыі і сёлета ўсе асноўныя вытворчыя і планавыя паказчыкі мы выконваем, — расказаў дырэктар філіяла Міхаіл Фамянок. — Па-ранейшаму забяспечваем мясцовымі відамі паліва насельніцтва, установы сацыяльнай сферы і іншых спажыўцоў, каб у халодны перыяд года было цёпла ў дамах і службовых памяшканнях. І хоць цяпер усе імкнуцца перайсці ў сваіх дамах на электра — або газавае ацяпленне, сёлетні год яшчэ раз пацвярджае: паслугі нашага прадпрыемства ў жыхароў раёна па-ранейшаму запатрабаваныя. Паступова абнаўляецца і тэхнічны парк прадпрыемства. У гэтым годзе наш філіял набыў аўтамабіль ГАЗ-53 у выдатным стане. План па забеспячэнні насельніцтва тонамі ўмоўнага паліва (дровамі і торфабрыкетам) у параўнанні з узроўнем мінулага года па стане на 1 жніўня выкананы на 102 працэнты. За 8 месяцаў бягучага года плануем атрымаць лічбу каля 100 працэнтаў. 1 верасня — наша прафесійнае свята. Віншую з ім усіх работнікаў калектыву і асабліва нашых ветэранаў працы. Жадаю кожнаму моцнага здароўя, асабістага шчасця, а прадпрыемству — стабільнасці і паспяховага развіцця.

А напярэдадгні свята асабліва хацелася б асабліва адзначыць  прадстаўнікоў рабочых прафесій.

Звыш 15 гадоў працуе раскрыжоўшчыкам Аляксандр Цэван. За 7 месяцаў бягучага года ён распіліў 1041 кубаметраў дроў, гэта вельмі значны паказчык і выдатны рэзультат працы. Зараз мужчына знаходзіцца на бальнічным. Чакаем яго вяртання на працу і жадаем Аляксандру здароўя і ўсяго самага найлепшага.

31 год працуе ў калектыве вопытны вадзіцель Павел Рэдзіка. У Шаркаўшчынскі філіял райпалівазбыту ён уладкаваўся на працу пасля службы ў арміі. Спачатку быў трактарыстам, апошнія 15 гадоў працуе вадзіцелем аўтамабіля ГАЗ-53, дастаўляе дровы і торфабрыкет насельніцтву. І хоць работа няпростая, працу сваю мужчына любіць, бо па яго словах ён кожны дзень нясе ў дамы жыхароў цяпло і камфорт. На пытанне «Ці ўзнікала калі-небудзь думка змяніць месца працы?» мужчына ўпэўнена адказаў: «Усё склалася ў жыцці добра. Ёсць умовы, калектыў цэніць. Галоўнае, каб былі заказы, а мы яшчэ папрацуем».

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.