Што насамрэч адбываецца на Дзяды

Общество

Заўтра ў краіне адзначаць адно з найбольш аўтэнтычных свят, якое сваімі каранямі сыходзіць у дахрысціянскі перыяд — гэта Восеньскія Дзяды або Асяніны.

У Беларусі памінальныя дні адзначаюцца некалькі разоў у год, пачынаючы з вясны. Галоўнымі ў гэтым цыкле з’яўляюцца Восеньскія або Дзмітраўскія Дзяды. Адзначаюць іх пераважна ў лістападзе, а сам Дзень памяці — 2 лістапада. На Дзяды ў Беларусі здавён была традыцыя ісці на могілкі да памерлых продкаў. Пасля ішлі ў лазню, першым крочыў самы старэйшы ў сям’і. Ён ставіў ваду на паліцу і запрашаў мыцца дзядоў і прадзедаў. Тады ўжо ішлі астатнія мужчыны, а пасля іх жанчыны. Для дзядоў пакідалі ў лазні ваду і венік.

Другая назва гэтага памінальнага свята — Асяніны. Яна пераважала на поўначы Беларусі. Шчодрасць абрадавага стала вылучала Асяніны як багатыя Дзяды. Для ўрачыстай памінальнай вячэры калолі парсюка ці рэзалі цялушку або авечку. Да столу склікалі сваякоў і суседзяў. Гаспадар, запаліўшы свечку, звяртаўся да памерлых. Падавалі звычайна няцотны лік страў: у бяднейшых сем’ях — 7, у багацейшых — 11 і больш. Перад тым як адведаць кожнай абрадавай ежы, лыжку яе адкладвалі ў асобную пасудзіну і ставілі на падаконнік — для душ памерлых. У застоллі панавала стрыманая, паважная атмасфера: абменьваліся толькі скупымі словамі. Звон аконнай шыбы, шум рэдкага асенняга лісця на двары ўспрымаліся як прысутнасць нябачных продкаў.

Падчас вячэры ўспаміналі свой род, дзядоў і прадзедаў. Расказвалі неверагодныя гісторыі, звязаныя з імі. Калі вячэра падыходзіла да завяршэння, гаспадар гаварыў малітву, а пасля тушыў свечку. Рабілася гэта або кавалачкам хлеба, або бліном. Паля ўсе глядзелі, куды пойдзе дым. Калі ён ішоў уверх, то ў сям’і павінна быць усё добра. А калі ішоў убок ці да дзвярэй, то ў хаце хутка павінан быў з’явіцца нябожчык. У канцы вячэры гаспадар казаў такія словы: «Дзяды, пагасцілі ў нас, пачаставаліся, а цяпер ідзіце!». Каб быць упэўненым, што продкі пакінулі хату, зубамі ў бок парога ставілі барану. Яшчэ пасля вячэры продкаў трэба было развесяліць — танцамі, песнямі. Багатыя людзі ладзілі ў гэты дзень нават салюты. Казалі, што калі ў ноч святкавання Дзядоў не легчы спаць, то можна ўбачыць сваіх памерлых родзічаў.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

фота з редакцыйнага архіва.