Юбіляр атрымаў Ганаровыя граматы

Общество

з юбілеем Д. Д. Цыркіна віншуе старшыня райвыканкама М. І. Баговіч

13 студзеня споўнілася 60 гадоў начальніку Шаркаўшчынскага раённага вузла электрасувязі Дзмітрыю Дзяменцьевічу Цыркіну. Юбілейная дата была адзначана Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Шаркаўшчынскага раённага савета дэпутатаў, які са словамі віншавання ўручыў Мікалай Ірынархавіч Баговіч падчас планёркі ў старшыні райвыканкама. Акрамя гэтага Дзмітрый Дзяменцьевеч атрымаў Ганаровыя граматы РУП “Белтэлекам” і Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.

Пра такіх людзей, як Дзмітрый Дзяменцьевіч, кажуць: на працягу жыцця  застаўся верным сваёй малой радзіме і аднаму прадпрыемству. Ён нарадзіўся ў Шаркаўшчынскім раёне ў сям’і працаўнікоў сяла. Закончыў Віцебскі тэхнікум электрасувязі і адпрацаваў год па размеркаванні ў Омску, пасля чаго вярнуўся ў родную Шаркаўшчыну, дзе пачаў працаваць у электрасувязі. Прайшоў усе ступенькі службовай лесвіцы: ад электраманцёра сувязі да начальніка раённага вузла. На кіраўнічай пасадзе ён знаходзіцца з 1996 года, выдатна ведае свае абавязкі, калектыў. Таму няма нічога дзіўнага, што яму і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту прапанавалі застацца на пасадзе начальніка.
—Пакуль здароўе і сілы дазваляюць, буду працаваць, — кажа Дзмітрый Дзяменцьевіч, — але, вядома, далёка загадваць не атрымліваецца. Адпрацаваў у вузле электрасувязі 38 гадоў і ніколі не шкадаваў пра выбраную спецыяльнасць, ніколі не ўзнікала жадання змяніць месца работы, хоць такія магчымасці былі. У нас склаўся цудоўны калектыў, з якім прыемна працаваць.
Трэба сказаць, што на працягу 12 гадоў Дзмітрый Дзяменцьевіч працаваў на карысць раёна ў Шаркаўшчынскім раённым Савеце дэпутатаў, дзе заўсёды займаў актыўную жыццёвую пазіцыю.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.

начальнік Шаркаўшчынскага раённага вузла электрасувязі Дзмітрый Дзяменцьевіч Цыркін


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *