Лёсы чалавечыя: жыхарка вёскі Алашкі Клаўдзія Сямёнаўна Сікора

Актуальное

Для Клаўдзіі Сямёнаўны Сікора вёска Алашкі стала роднай назаўсёды. Тут прайшлі яе дзяцінства і маладыя гады, тут выйшла замуж, працавала ў калгасе, вяла ўласную гаспадарку, выхоўвала сына. Было і каханне, і любімая работа, і дзяржаўныя ўзнагароды за добрасумленную працу. Але час праходзіць, адлічваючы вёсны адну за другой. Цяпер жанчыне пайшоў 88 год, але яна мае добрую памяць і любіць дзяліцца ўспамінамі. Калі яна вучылася ў школе, геаграфію і батаніку выкладаў дзецям Іван Паўлавіч Сікора. Ён быў вельмі патрабавальны да вучняў. Галоўнае, на што звяртаў іх увагу, — гэта, каб яны любілі працаваць, былі стараннымі ў вучобе. А яшчэ — выхоўваў любоў да кніжак і беражлівыя адносіны да іх. За сваё жыццё І. П. Сікора не нажыў вялікага багацця, а ўсе набытыя сродкі траціў на кніжкі, якія выпісваў па пошце, іншы раз набываў у кніжных лаўках.
Пасля таго, як дзяўчына закончыла школу, Іван Паўлавіч дапамог ёй паступіць у Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. Ды толькі вучобу перапыніла вайна. Клаўдзію, якой не было і 15 гадоў, разлучылі з роднымі і з сотнямі палонных павезлі ў Заходнюю Германію. Умовы былі нечалавечыя, бо везлі за мяжу ў таварных вагонах, у якіх перавозілі жывёлу. На чужбіне ёй давялося зведаць і непасільную працу, і здзекі, і голад. “Асабліва страшна было, — прыгадвае жанчына, — калі горад, дзе мы пражывалі, бамбілі самалёты, забаранялася пакідаць працу, каб схавацца ад налётаў у бомбасховішчы”. У канцы вайны Клаўдзія Сямёнаўна вярнулася ў родныя Алашкі. Пра працяг вучобы яна і думаць не магла, бо для гэтага не было ні сродкаў, ні ўмоў.
Неахвотна прыгадвае жанчына жудасныя гады жыцця на чужой зямлі. І вельмі хоча, каб маладое пакаленне памятала сваю гісторыю, сваіх продкаў, мясціны, дзе пачаўся іх род. Каб заўсёды родная зямля была самым вялікім багаццем, карміла і паіла людзей, выхоўвала ў кожнага самыя лепшыя рысы: працавітасць, беражлівасць, дабрыню, прыгажосць. А вясною радавалі сваёй белізной сады, і цвілі ў палісадніках кветкі. І, галоўнае, каб ніколі не было той страшнай вайны, якую ёй давялося перажыць,  ветэраны былі акружаны цеплынёй і павагай.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *