Святочная атмасфера патрабуе не толькі ўпрыгожванняў, але і добрых спраў.
Напярэдадні Новага года старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Юлія Магаліцкая і інспектар аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС Аляксандр Павучонак у межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» наведалі выхаванцаў цэнтра пазашкольнай работы.
Госці прывезлі дзецям салодкія пачастункі, пісьмовыя прыналежнасці, рознакаляровыя буклеты-памяткі па захаванні правілаў дарожнага руху. Яны ўпэўнены, што добрыя справы павінны быць часткай святаў, у тым ліку і навагодніх.
Для дзяцей педагогі навучальнай установы, а таксама Дзед Мароз са Снягуркай правялі майстар-клас па вырабе навагодніх віншавальных паштовак. Ва ўсіх атрымаліся выдатныя падарункі, зробленыя сваімі рукамі.
— У навагоднія святы кожны з нас чакае цуда. І больш за ўсіх гэтага хочацца дзецям, — падкрэсліла Юлія Магаліцкая. — Задача дарослых — дапамагчы ажыццявіць дзіцячыя мары. Спадзяюся, што ў нас гэта атрымалася.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


