Дзіцячая творчасць «Мой анёл-ахоўнік»

Общество

Шматлікія мерапрыемствы, якія праходзяць ва ўстановах культуры, атрымалі там пастаянную прапіску.

Дзявяты год запар у сценах дзіцячай бібліятэкі збіраюцца выкладчыкі і навучэнцы мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў на калядную выставу малюнкаў. Сёлета яна мела назву «Мой анёл-ахоўнік».

Бібліятэкар Людміла Казіцкая запрасіла ў якасці гасцей вучняў сярэдніх школ гарадскога пасёлка. Аўтары прадстаўленых на выставу работ тлумачылі прысутным сэнс намаляваных імі сюжэтаў, сваё бачанне свята Нараджэння Хрыстова.

Дзіцячыя малюнкі высока ацанілі выкладчыкі мастацкага аддзялення Марына Ліпская і Юлія Арсоба, адзначыўшы той факт, што з кожным годам тэхніка выканання работ мяняецца ў лепшы бок, прафесійна ўдасканальваецца.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і святары — дабрачынны цэркваў Шаркаўшчынскай акругі, настаяцель царквы іконы «Усіх смуткуючых Радасць» протаіерэй Віктар Валашчук і настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Мікалай Войтаў, якія завіталі на выставу.

— Адным з накірункаў работы нашай установы з’яўляецца духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення на аснове мерапрыемстваў, якія мы праводзілі, — растлумачыла Людміла Казіцкая. — Спадзяюся, што наша выстава малюнкаў у чарговы раз змагла далучыць дзяцей да свету прыгожага, запаліць у іх душах агеньчыкі дабрыні, цяпла і пяшчоты.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.