Прайшла прыступкі кар’ернай лесвіцы ад эканаміста Віцебскага інфармацыйна-вылічальнага цэнтра да галоўнага спецыяліста аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.
У 1987 годзе Маргарыта скончыла завочнае аддзяленне Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума, атрымала кваліфікацыю бухгалтара. У хуткім часе ўладкавалася ў Шаркаўшчынскае бюро па працы эканамістам. Займала пасаду галоўнага бухгалтара цэнтра занятасці насельніцтва.
— У першай палове 1990-х гадоў ліквідаваліся шматлікія арганізацыі, расло беспрацоўе, — успамінае Маргарыта. — У цеснай сувязі мы супрацоўнічалі з гаспадаркамі раёна. Усе жадаючыя мелі магчымасць атрымаць невялікі заробак на сельгасработах. Пакрысе сітуацыя наладжвалася. Часова беспрацоўныя займаліся добраўпарадкаваннем гарадскога пасёлка, аграгарадкоў, іншых населеных пунктаў.
Пасля рэарганізацыі цэнтра занятасці насельніцтва ў 2007 годзе Маргарыта стала загадчыкам сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У 2008 годзе набыла вышэйшую адукацыю ў Маскоўскай сучаснай гуманітарнай акадэміі.
Як адзначыла начальнік упраўлення Вера Жук, у Маргарыты Баговіч вялікі вопыт і неабходныя практычныя веды. Яна ажыццящляе работу па рэалізацыі Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», валодае высокім пачуццём адказнасці за даручаную справу. Шмат год працавала на грамадскіх пачатках казначэем раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Гэта падкрэслівае той факт, што Маргарыта Баговіч — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

