Не адну тысячу гектараў за 15 год працы на энерганасычаным трактары «Беларус» МТЗ-3022 узараў механізатар ААТ «Ельня-Агра» Іван Шышковіч.
Сваю тэхніку мужчына заўсёды падтрымлівае ў спраўным стане, бо дакладна ведае работу ўсіх вузлоў і механізмаў у ёй. Механізатар, пакуль дазвалялі ўмовы надвор’я, займаўся ўздымам зябліва, потым знаходзіўся ў працоўным водпуску. Але, як кажуць у народзе, вясна не за гарамі. Каб своечасова вывесці трактар у поле, Іван загадзя падрыхтаваў да вясенне-палявых работ прычапныя агрэгаты.
— У нашай гаспадарцы няшмат механізатараў, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч. — Кожны з іх знаходзіцца на добрым рахунку. Іван Шышковіч належыць да ліку тых работнікаў, якія не лічацца з уласным часам, а старанна працуюць дзеля дабрабыту гаспадаркі і сваёй сям’і.
