«Жыццё ў вёсцы залежыць ад нас саміх» У гэтым упэўнены Сяргей і Вікторыя Молакавы з аграгарадка Більдзюгі. Сваю сям’ю яны стварылі 10 год назад, 7 з іх пражываюць у Більдзюгах. Дом маладая сям’я атрымала ад ААТ «Жвіранка», у якой Сяргей з’яўляецца перадавым механізатарам. Вікторыя працуе загадчыцай Більдзюжскага сельскага дома культуры.
Любім свой аграгарадок
У сям’і Молакавых выхоўваюцца двое дзяцей. Старэйшая дзяўчынка Паліна вучыцца ў 5 класе Більдзюжскай сярэдняй школы, ёй зараз дзесяць год. Малодшай Ангеліне нядаўна споўнілася пяць.
Вікторыя нарадзілася і вырасла ў вёсцы Мількі Браслаўскага раёна, Сяргей — мясцовы жыхар, родам з вёскі Таўкіні. Сельскі ўклад жыцця абодвум добра знаёмы. Маладая сям’я жыла спачатку ў Мільках. А калі закрылася мясцовая школа, бацькі, у якіх нарадзілася першая дзяўчынка, вырашылі змяніць месца жыхарства і пераехалі ў Більдзюгі.
— Любім свой аграгарадок, землякоў, нашу вуліцу, на якой пражывае шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі, — расказала Вікторыя. — Нашым дзяўчынкам тут ніколі не бывае сумна. І нам за іх не трэба хвалявацца. Гэта ў горадзе дзяцей адных не адпусціш гуляць. Сельскі ўклад жыцця нам даспадобы. Выходзіш на вуліцу і вочы не ўпіраюцца ў сцены ці машыны, якія-небудзь іншыя перашкоды — абсалютна адкрытая прастора да самага гарызонта.
Праца — аснова поспеху
Молакавы добраўпарадкоўваюць свой дом, апрацоўваюць даволі вялікі зямельны надзел, прывучаюць да працы і дзяўчынак.
Быў перыяд калі Сяргей працаваў вахтавым метадам на розных будаўнічых работах Але вельмі хутка стала зразумела, што гэта не выхад, калі знаходзішся ўдалечыні ад сваіх родных і не бачыш, як падрастаюць дзеці. Грошы можна зарабіць і ў сельскай гаспадарцы, толькі трэба працаваць. Сяргей Молакаў — перадавы машыніст-трактарыст у ААТ «Жвіранка», адзін з лепшых механізатараў у раёне. Спачатку ён працаваў электразваршчыкам, але нядоўга. З першага года працы ў гаспадарцы кіраўніцтва даверыла яму энерганасычаную тэхніку, а ў перыяд уборачнай кампаніі — камбайн. У зімовы перыяд мужчына дастаўляе кармы для жывёлы на малочнатаварныя фермы ў Більдзюгі і Каўшэлева.
Вікторыі заўсёды хацелася дарыць людзям свята, здзіўляць, радаваць. Таму пасля набыцця сярэдняй адукацыі паспяхова закончыла Віцебскі каледж культуры і мастацтваў. Працавала культарганізатарам спачатку ў Мількаўскім сельскім доме культуры, а пасля пераезду ў аграгарадок — у Більдзюжскім. Калі з’явілася свабодная вакансія, стала загадчыцай СДК. Акрамя гэтага, жанчына прымае актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна. Яна з’яўляецца членам раённай арганізацыі Беларускай партыі «Белая Русь», падчас выбараў была назіральнікам на участку для галасавання.
У сельскім доме культуры паспяхова працуюць два творчыя калектывы, добра вядомыя не толькі ў нашым раёне. Гэта народны фальклорны калектыў «Купалінка» (мастацкі кіраўнік Надзея Вайцюль) і народнае аматарскае аб’яднанне «Стараверскія страпухі», які ўзначальвае Людміла Ананіч. У Більдзюгах захоўваюцца традыцыі продкаў і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Да творчасці з дапамогай гуртковай дзейнасці прыцягваюцца мясцовыя дзеці.
Вікторыя Молакава аб’ядноўвае землякоў, далучае іх да культурнага жыцця рэгіёна, народнай творчасці.
Разам з іншымі дзецьмі з аграгарадка Більдзюгі наведваюць гурткі мастацкай самадзейнасці ў СДК Паліна і Ангеліна Молакавы. Дзяўчынкі, як і іх маці, захапляюцца музыкай, і ўжо спрабавалі разам спяваць на сцэне падчас святочных мерапрыемстваў у аграгарадку.
Дзяцінства пачынаецца з бабулі
Цесная сувязь пакаленняў захоўваецца і ў сям’і Молакавых. Паліна і Ангеліна шмат часу праводзяць са сваёй бабуляй Марыяй.
— Наша малодшая дачушка нарадзілася ў дзень нараджэння бабулі Марыі, маці Сяргея. І зараз у іх вельмі цесная сувязь,— расказала Вікторыя Молакава. — Пакуль старэйшая Палінка ў школе, Ангеліна знаходзіцца дома. Бабуля Марыя праводзіць вольны час без гаджэтаў і з радасцю прыцягвае любімых унучак да сваіх заняткаў. Я ўпэўнена, што ў наш імклівы век дзецям вельмі карысна крыху запаволіцца і правесці час так, каб нікуды не спяшацца. Прыгатаваць з бабуляй абед, пашыць разам адзенне для любімай лялькі або проста паслухаць яе цікавыя гісторыі. Усім дзецям важна адчуваць, што іх любяць проста за тое, што яны ёсць. Гэта робіць іх упэўненымі ў сабе і павышае самаацэнку. Такую безумоўную любоў здольныя перадаць унукам самыя родныя людзі — дзядулі і бабулі. У нашай сям’і сувязь пакаленняў вельмі моцная. І мы з Сяргеем, знаходзячыся на працы, можам адчуваць сябе спакойна, бо ведаем, нашы дзеці з любімай бабуляй, а значыць, пад надзейным наглядам. Ім заўсёды разам цікава і весела.
Гонар і памяць
Год 80-годдзя Вялікай Перамогі — асаблівая дата і для нашай сям’і, — працягвае размову Вікторыя. — Дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі многія нашы родныя. У іх ліку удзельніца партызанскага атрада Хрысціна Іванова, бабуля Сяргея. Гэтай жанчыны, якая нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні годна прайшла свой жыццёвы шлях і дажыла да 90-гадовага юбілею, ганарацца родныя, беражліва захоўваюць памяць аб ёй. Для гэтай мужнай жанчыны самым галоўным святам заўсёды было 9 мая. Такім жа важным яно зараз з’яўляецца і для нашай сям’і.
Меркаванне
Алена ЧАРНЯЎСКАЯ, старшыня Більдзюгскага сельскага выканаўчага камітэта:
— На тэрыторыі Більдзюгскага сельсавета пражывае шмат цудоўных сем’яў, такіх як у Сяргея і Вікторыі Молакавых. Яны па-гаспадарску наводзяць парадак на сваіх падворках, шчыра і старанна працуюць, паважаюць сямейныя традыцыі і сваім прыкладам паказваюць землякам, што жыццё на сяле можа быць цікавым і насычаным. Галоўнае, любіць сваю сям’ю і родны край.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.


