Праваслаўныя вернікі адзначылі 150-годдзе з дня нараджэння свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава

Общество

 

Праваслаўныя вернікі нядаўна адзначылі 150-годдзе з дня нараджэння свяшчэннамучаніка айца Канстанціна Жданава, які з’яўляецца нябесным заступнікам шаркаўшчынскай зямлі.

Каб яшчэ раз узгадаць жыццёвы шлях іерэя, у дзіцячай бібліятэцы сабраліся настаяцелі цэркваў гарадскога пасёлка, вучні сярэдняй школы № 1. Бібліятэкар Людміла Казіцкая падрыхтавала выставу малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення мясцовай ДШМ. Тэматыка — дзіцячыя гады, юнацтва, сталенне, апошнія дні жыцця Канстанціна Жданава. На аркушах паперы дзеці адлюстравалі сваё бачанне кім быў і як скончыў свой зямны шлях першы настаяцель Свята-Успенскай царквы.

Дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Віктар Валашчук расказаў вучням, як ішоў працэс пошуку адпаведных дакументаў з мэтай іх далейшага вывучэння для будучай кананізацыі Канстанціна Жданава. У чэрвені 2011 года іерэй быў далучаны да ліку святых. У Шаркаўшчыне дзесяць гадоў назад на плошчы 1 Мая быў урачыста адкрыты бюст свяшчэннамучанніку. Для веруючых гэта стала святым месцам, дзе можна ўскласці кветкі і памаліцца заступніку ўсіх шаркаўчан.

— У маі 2020 года было прынята рашэнне аб пераносе мошчаў Канстанціна Жданава з Дзісны ў Полацк, — расказаў настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Мікалай Войтаў. — Цяпер яны знаходзяцца ў Богаяўленскім кафедральным саборы. Узровень ушанавання і подзвіг Канстанціна Жданава нельга прыдаць забыццю. Мошчы святога набываюць цяпер яшчэ большую магчымасць аказваць дабратворны ўплыў на ператварэнне многіх людзей.

Пра Канстанціна Жданава напісана некалькі літаратурных твораў. Іх аўтарамі з’яўляюцца епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, шаркаўшчынскія паэты і пісьменнікі. Нядаўна свет ўбачыла раман-версія празаіка Віктара Праўдзіна «Непераможны злом». Літаратары ўсё больш і больш звяртаюцца да тэмы жыцця і пакутніцкай смерці свяшчэннамучаніка айца Канстанціна Жданава, дух якога нябачна прысутнічае з кожным веруючым у Свята-Успенскай царкве, узведзенай яго рукамі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.