Паўсюдна 18 мая праводзілася міжнародная акцыя «Ноч музеяў». Далучыўся да яе і мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча.
У актавай зале ўстановы культуры гасцей віталі яе супрацоўнікі. Для прысутных яны арганізавалі тэатралізаваную дзею пад назвай «У госці да дзядзькі Язэпа». Вядучыя мерапрыемства нагадалі пра жыццёвы шлях нашага слыннага мастака, фалькларыста, этнографа. Яго лёс не быў лёгкім, жыццёвыя выпрабаванні прымушалі часта мяняць працу, месца жыхарства. Нязменным у жыцці вандроўнага мастака заставаліся любоў да роднай зямлі, да Беларусі.
Падчас мерапрыемства чыталі вершы, спявалі песні, удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах. Майстры раённага Цэнтра рамёстваў прапанавалі паўдзельнічаць у мастар-класах. Музыкай і песнямі аздобілі «Ноч музеяў» самадзейныя артысты Васюкоўскага сельскага Дома культуры і Пялікаўскага сельскага клуба.
Закончылася мерапрыемства танцавальнай часткай, дзе ўсе жадаючыя вадзілі карагоды пад беларускія народныя песні.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
