Машынна-трактарны парк шаркаўшчынскіх меліяратараў папоўніўся новым бульдозерам айчыннай вытворчасці

Общество Сельское хозяйство

Машынна-трактарны парк прадпрыемства меліярацыйных сістэм паступова аднаўляецца. У пачатку мая арганізацыя набыла бульдозер айчыннай вытворчасці.

— Перад намі не паўстала пытанне, каму з механізатараў даручыць кіраванне новай тэхнікай, — кажа дарэктар прадпрыемства Іван Лазовік. — Аднагалосна вырашылі — ключы ад бульдозера трэба ўручыць перадавому механізатару Валерыю Цітовічу.

За гады шчырай і бездакорнай працы механізатар неаднаразова ўзнагароджваўся на раённым і абласным узроўнях. Па выніках 2019 года яму прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Шаркаўшчыны».

— У свой час я працаваў на бульдозеры савецкай вытворчасці Т-130, — расказаў Валерый. — Потым кіраваў рычагамі гусенічнага трактара «Шантуі». Маючы пэўны стаж і вопыт работы, авалодваю айчыннай тэхнікай «Амкадор» DC201LGP. Бульдозер просты ў кіраванні, нягледзячы на вялікія памеры. Яго магутнасць дазваляе выконваць разнастайныя складаныя віды работ, якія прымяняюцца ў меліярацыі. Галоўнае — пільна сачыць за станам тэхнікі, каб «сталёвы конь» працаваў як мага даўжэй.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.