Сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна адкрытае акцыянернае таварыства «Даватарскі» займае 4—5 пазіцыі па тэмпах корманарыхтоўкі.
Планы перад мясцовымі аграрыямі стаяць значныя. Сёлета тут трэба скасіць 1750 гектараў траў першага ўкосу, нарыхтаваць 18542 тоны сенажу і 504 тоны сена. Свае карэктывы ў планы вяскоўцаў уносіць надвор’е, але яны прывыклі працаваць насуперак капрызам нябеснай канцэлярыі.
У дзень нашага наведвання каля вёскі Мішуты працавала звяно тэхнікі. Механізатар Яўген Баговіч скошваў сенажаць, за ім правяленую масу ў валкі зграбаў Віктар Адаменка. Вячаслаў Смірноў на корманарыхтоўчым агрэгаце «Палессе» КВК-800 здрабняў падрыхтаваную траву і запаўняў ёю трактарныя прычэпы.
— Сёлета вельмі складана працаваць на сенажацях з-за вялікай пераўвільготненасці, — кажа Вячаслаў. — Тэхніка буксуе, ствараючы за сабой вялікія каляіны. Мы вымушаны працаваць на выбарачных участках палёў.
Механізатары дастаўляюць зялёнку, пераадольваючы значную адлегласць ад сенажаці да сянажных траншэй на малочнатаварную ферму «Пялікі».
З ходам корманарыхтоўчых работ на месцы азнаёміўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат. У гутарцы з механізатарамі высветлілася, што двухразовым харчаваннем усе задаволены, а вось з забеспячэннем работнікаў спевопраткай у гаспадарцы існуюць цяжкасці. Прафсаюзны лідар абяцаў дэталёва разабрацца ў сітуацыі, бо ў такіх справах дробязей быць не павінна.
Хоць і не вельмі хуткімі тэмпамі, але, тым не менш, аграрыі «Даватарскага» працуюць на станоўчы вынік. Па стане на 1 ліпеня ў гаспадарцы травы першага ўкосу скошаны на плошчы 1157 гектараў, у траншэі закладзена 3342 тоны сенажу, нарыхтавана 117 тон сена.
Не за гарамі пачатак жніва. Хутка трэба выводзіць зернеўборачныя камбайны на абмалот азімых зерневых культур. Гэта значыць, што работы ў вяскоўцаў прыбавіцца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
