Уборка ўраджая — адказная пара не толькі для аграрыяў, але і для прафсаюзаў, якія пільна сочаць за захаваннем умоў працы.
Наяўнасць медыцынскай аптэчкі першай дапамогі, танометра з’яўляюцца абавязковым элементам аховы працы, гэта замацавана на заканадаўчым узроўні.
— Шаркаўшчынскі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з пярвічкамі закупілі танометры для механізаваных майстэрань, — паведаміў старшыня арганізацыі Аляксандр Гернат. — Падчас наведванняў гаспадарак тлумачым вяскоўцам аб правілах выкарыстання прыборамі, аб захаванні тэхнікі бяспекі на ўборачных работах.
— Для аграрыяў нашай гаспадаркі наступілі гарачыя будні, — кажа старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Даватарскі» Дар’я Руткоўская. — Яны працуюць ад світання да змяркання. Стан здароўя кожнага — пад пільным кантролем кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і прафсаюзаў. Таму два новыя танометры, якія цяпер ёсць у гаспадарцы, паспрыяюць захаванню кантролю за здароўем працоўных.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
