Новы кормаўборачны камбайн «Палессе» КВК-800 атрымаў механізатар ААТ «Буеўшчына» Вячаслаў Пабяржын

Ахова працы Общество Сельское хозяйство

Адзін з перадавых механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства  «Буеўшчына» Вячаслаў Пабяржын атрымаў у кіраванне новы кормаўборачны камбайн «Палессе» КВК-800.

— Тэхніку вельмі люблю, — прызнаўся мужчына. — Пасля школы застаўся ў родным калгасе. Служыў у Афганістане, разам з іншымі землякамі давялося трымаць у руках зброю, выконваць інтэрнацыянальны доўг. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму, каб сваёй працай прыносіць карысць грамадству. За дзесяцігоддзі асвоіў вялікую колькасць сельскагаспадарчай тэхнікі. Апошнія пятнаццаць сезонаў працаваў на корманарыхтоўчым камбайне «Палессе» КВК-800. Дзясяткі тысяч тон зялёнай масы нарыхтаваў для зімова-стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Агрэгат за такі перыяд часу ўсё часцей стаў псавацца, патрабаваліся немалыя грошы для рамонту. Таму, калі кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Странчэўскі камандзіраваў мяне ў Віцебск для набыцця новай тэхнікі, вельмі ўзрадаваўся. Адлегласць ад абласнога цэнтра да Іёд пераадолеў за 12 гадзін. Цяпер займаюся звыклай справай на новым агрэгаце. Ён больш удасканалены, айчынныя канструктары зрабілі камбайн камфортным і ўтульным для работы механізатара.

Сёлета новая зернеўборачная тэхніка пачала працаваць на палетках не толькі «Буеўшчыны», але і ААТ «Даватарскі», «Агратэхсервіс», «Жвіранка» і КУВСП імя Маркава. Пра тых механізатараў, якія на ёй шчыруюць, мы раскажам у бліжэйшых нумарах раённай газеты.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.