«За польскім часам» жыццё было іншым

Общество

Згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавору 18 сакавіка 1921 года Шаркаўшчына, як і іншыя землі Заходняй Беларусі і Украіны, увайшлі ў склад Польшчы.

— 1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу — пачалася Другая сусветная вайна, — расказала настаўніца СШ № 1 гарадскога пасёлка Аксана Бабоўская. — Калі польская армія ў большасці сваёй была разгромлена і практычна ўсю тэрыторыю яе краіны занялі нямецкія войскі, 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла мяжу, каб узяць пад ахову насельніцтва Заходняй Беларусі. Мясцовыя жыхары сустрэлі савецкую ўладу з радасцю, і на шаркаўшчынскіх землях таксама пачаліся савецкія пераўтварэнні. Была адкрыта сетка беларускамоўных школ, створаны мясцовыя органы савецкай улады — часовыя управы і сялянскія камітэты. Пачалася ліквідацыя беспрацоўя, якога ў  перыяд польскай акупацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі было вельмі шмат.

У 1939 годзе адкрыўся аддзел народнай асветы Шаркаўшчынскага раёна, які ўзначаліў Міхась Машара. У раёне пачалі працаваць 80 беларускамоўных школ.

7 лістапада 1939 года, пасля далучэння заходняй Беларусі да БССР, у Шаркаўшчыне прайшоў першы мітынг, прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта гэта падзея адлюстравана на ўнікальным фотаздымку, які беражліва захоўваецца ў сярэдняй школе № 1.

На працягу 18 гадоў польскай акупацыі народ нашай краіны быў падзелены на часткі. У гэты перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у тым ліку і ў Шаркаўшчыне, мэтанакіравана зачынялі розныя віды вытворчасці, здольныя канкурыраваць з польскімі (запалкавая, шкляная, тэкстыльная, металаапрацоўчая і іншыя). На тэрыторыі нашай мясцовасці ў той час працавалі толькі некаторыя лесапільныя прадпрыемствы і млыны.

Мясцовых настаўнікаў у перыяд з 1921 па 1939 гады таксама спецыяльна  звальнялі з іх працоўных месцаў для таго, каб закрываць беларускамоўныя школы. Маўляў, няма настаўніка— няма школы. Звольненых педагогаў накіроўвалі працаваць у Польшчу.

Цікавым з’яўляецца і той факт, што касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, пабудаваны ў 1907 годзе, практычна адзіны на тэрыторыі Заходняй Беларусі адмовіўся весці службу на польскай мове. Нягледзячы на ўсе пагрозы польскай улады, ксёндз Зянон Якуць перыяд польскай акупацыі, маліўся па-беларуску, і ў касцёл на службу да святара прыходзілі нават праваслаўныя мясцовыя жыхары.

Бег часу нельга спыніць. Непазнавальна змянілася аблічча Шаркаўшчыны. І толькі старыя фотаздымкі беражліва захоўваюць памяць і тое, якім было жыццё нашых продкаў у лёсавызначальны для краіны перыяд 1939 года. Гэта асабліва важна яшчэ і таму, што сведкаў тых далёкіх падзей ужо амаль не засталося.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.