Героямі праекта «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» стала шматдзетная сям’я Анастасіі і Аляксандра Руткоўскіх з Шаркаўшчыны

Общество

Яшчэ 100—150 год таму сем’і з вялікай колькасцю дзяцей былі звычайнай з’явай у грамадстве. Зараз — гэта рэдкасць, у тым ліку і ў нашым раёне. Быць мамай — надзвычай адказная місія. Як шматдзетныя сем’і спраўляюцца з усімі задачамі па выхаванні дзяцей і адкуль бяруць сілы? Адказ на гэта пытанне шукаем разам з маладой шматдзетнай маці Анастасіяй Руткоўскай. З мужам Аляксандрам яна выхоўвае пецярых дзяцей.

Шчасце — у дзецях

Анастасія родам з вёскі Жукоўшчына нашага раёна. Атрымала сярэднюю адукацыю, паступіла ў Полацкае медвучылішча, якое паспяхова закончыла. Працавала медыцынскай сястрой спачатку ў тэрапеўтычным аддзяленні Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, затым — у аддзяленні рэанімацыі. Яе муж Аляксандр — таксама ўраджэнец нашага раёна, нарадзіўся і вырас у вёсцы Ляднікі. Працяглы перыяд працаваў у КУВСП імя Маркава, апошнія некалькі гадоў у ДРБУ-131 з’яўляецца вадзіцелем аўтамабіля МАЗ. 9 гадоў таму Анастасія і Аляксандр стварылі сваю сям’ю, у якой адзін за адным нараджаліся дзеці. Старэйшая дачушка Жэня вучыцца ў 4 класе сярэдняй школы № 1 нашага гарадскога пасёлка. Дзяўчынка захапляецца ўсходнімі танцамі, любіць маляваць, вучыцца вязаць на занятках у раённым Цэнтры рамёстваў.

Двайняты Влада і Глеб заўсёды разам. Яны вучацца ў другім класе СШ № 1, таксама наведваюць заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў. Глеб іграе на акардэоне, яго сястрычка — на цымбалах.

Чатыры гады таму ў сям’і нарадзіўся Кірыл, ён наведвае дзіцячы сад № 4. Вясёлы, абаяльны, усмешлівы і дапытлівы хлопчык, дарэчы, як і ўсе дзеці ў гэтай дружнай сям’і, вельмі любяць увагу і актыўныя гульні. Самаму малодшаму Арцёму  яшчэ толькі годзік.

— Многа дзяцей у сям’і — гэта вельмі добра і зусім не складана, калі іх правільна выхоўваць, — падзялілася сваімі думкамі Анастасія Руткоўская. — У асноўным у нас мір і згода, дзеці разам гуляюць, вучацца адзін у аднаго, дапамагаюць малодшым. Яны вельмі дружныя.

Калі ў Руткоўскіх нарадзілася чацвертае дзіця, шматдзетная сям’я бясплатна атрымала трохпакаёвую кватэру ў новым доме па вуліцы Даватара. Зараз у ёй цёпла і ўтульна ўсім. Як і ў любой  сям’і, у Анастасіі з Аляксандра таксама ёсць свае праблемы і цяжкасці. Проста за гады сумеснага жыцця муж і жонка навучыліся  абыходзіць вострыя вуглы, стараюцца саступаць адзін аднаму, дзесьці прамаўчаць, а ў выпадку спорных момантаў проста сесці і пагаварыць, параіцца, абмеркаваць, што не так, і як зрабіць, каб было лепш. З цягам часу, па словах Анастасіі, да ўсяго пачынаеш адносіцца значна прасцей, чым раней, на першапачатковым этапе станаўлення адносін, бо сям’я для кожнага — гэта маленькая крэпасць, дзе ўсім павінна быць утульна і спакойна, і куды прыемна вяртацца пасля напружанага працоўнага дня.

Цярпення трэба шмат

—Усім бацькам жадаю шмат цярпення ў выхаванні сваіх дзяцей, — адзначыла Анастасія Руткоўская. — Зачастую бывае няпроста. Не заўсёды хапае фінансавых сродкаў і часу на тое, каб ажыццявіць усё задуманае. І ўсё ж я вельмі рада, што мае дзеці ёсць адзін у аднаго. Я сама са шматдзетнай сям’і і вельмі добра разумею, што сувязь братоў і сясцёр зараджаецца ў раннім узросце і праходзіць праз усё жыццё. Родныя — гэта галоўнае, што ёсць у кожнага з нас. Гэта апора, тыл, падтрымка, узаемаразуменне.

А яшчэ ў шматдзетных сем’ях дзецям не бывае сумна. Заўсёды хтосьці побач, каб падтрымаць, абняць, дапамагчы. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі навучыліся дамаўляцца, імкнуцца ўлічваць інтарэсы адзін аднаго. Не бывае ў нас праблем і з размеркаваннем часу. Шматдзетныя сем’і лепш спраўляюцца з гэтым, бо жыццё дыктуе ўсталяванне агульных для ўсіх правіл і рэжыму. Важна ведаць, што ў пэўны перыяд часу мы робім адно, а потым — штосьці іншае. Так кожны дзень  становіцца больш арганізаваным. І незалежна ад таго, працуем мы ці адпачываем, едзем да бацькоў у вёску або праводзім вольны час на дзіцячай пляцоўцы — мы ўсё робім разам.

Вось і пакуль рыхтаваліся да сямейнага фотаздымка, Глеб расказаў пра свае заняткі ў музычнай школе, а Жэня — пра поспехі ў вучобе, Влада  адзначыла, што яна найлепшая памочніца для сваёй мамы і з задавальненнем праводзіць час з малодшымі брацікамі, а Кірыл і Арцём зараджалі ўсіх прысутных задорным дзіцячым смехам. І калі Руткоўскія сваёй сямейнай камандай выпраўляюцца з дому — многія па-добраму ім зайздросцяць, бо менавіта ў такіх сем’ях нікому не бывае сумна.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.