Дзень маці— свята, якое ўвасабляе ўсё лепшае, што ёсць у жыцці: любоў, клопат, дабрыню, сардэчнасць, цяпло і радасць. Найбольшая ў свеце любоў — мацярынская, яна непараўнальная ні з чым, не мае межаў. Гэта ведаюць усе, у каго ёсць мамы. А шаркаўчанка Ірына Цітовіч, якая разам з мужам Валерыем выхоўвае дваіх дзяцей, пераканана ў тым, што лепшы спосаб выхавання — гэта ўласны прыклад.
Мы ёсць адзін у аднаго
Сям’ю Валерый і Ірына Цітовічы стварылі 17 год назад. Валерый звыш двух дзесяцігоддзяў працуе машыністам бульдозера на Шаркаўшчынскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Ірына — медыцынскі работнік. Пасля заканчэння каледжа каля 10 гадоў працавала ў рэгістратуры Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, потым участковай медсястрой. А тры гады таму пасля прафесійнай перападрыхтоўкі стала рэнтгенлабарантам ЦРБ.
— Работу сваю вельмі люблю, не ўяўляю без яе свайго жыцця, хоць яна і не простая, — расказала Ірына. — Ад прафесіяналізму рэнтгенлабаранта залежыць якасць даследаванняў і, адпаведна, дакладнасць дыягностыкі стану пацыента. Усведамляючы сваю адказнасць за здароўе людзей, шмат новай інфармацыі вывучаю і зараз, павышаю кваліфікацыю на онлайн-курсах. І ўсё ж самая галоўная каштоўнасць у маім жыцці — гэта сям’я. Мне вельмі пашанцавала з мужам. Ён для мяне — надзейная падтрымка і апора ва ўсіх справах. Дакладна ведаю, што заўсёды магу на яго разлічваць. Калі тры гады таму, каб атрымаць прафесію рэнтгенлабаранта, трэба было ехаць на вучобу на 4 месяцы, муж мяне падтрымаў і ўзяў на сябе ўсе абавязкі па дому і догляд за дзецьмі. Наша малодшая Вераніка ў той час яшчэ хадзіла ў дзіцячы садок, сын вучыўся ў школе. І хоць было зусім няпроста сумяшчаць абавязкі пра дому і на працы, з усімі абавязкамі муж справіўся. І на шаркаўшчынскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм ён заўсёды ў ліку лепшых работнікаў. Пра гэта сведчаць і шэраг узнагарод, якія муж атрымлівае кожны год.
Шчасце — у дзецях
Ірына і Валерый Цітовічы ўпэўнены, што найлепшы спосаб выхавання дзяцей — гэта ўласны прыклад бацькоў. Іх старэйшаму сыну Дзянісу зараз 16 гадоў, ён — навучэнец другога курса Віцебскага каледжа электратэхнікі, па спецыяльнасці будучы «тэхнік-электрык». З дзяцінства захапляецца валейболам, тэхнікай, якую вучыцца рамантаваць разам з бацькам, зараз наведвае спартыўную секцыю ў Віцебску.
Малодшая Вераніка вучыцца ў другім класе сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка, любіць маляваць, захапляецца лепкай, наведвае заняткі па харэаграфіі.
—Нягледзячы на тое, што мы занятыя работай і іншымі хатнімі клопатамі, дзеці для нас заўсёды на першым месцы, — працягвае размову Ірына. — Мы з мужам адказна адносімся да выканання бацькоўскіх абавязкаў, стараемся ўсё трымаць пад кантролем. Так дзеці адчуваюць сябе больш упэўненымі і абароненымі. Важна правільна накіраваць, параіць, падказаць, але ні ў якім разе не навязваць, а дазволіць дзецям самім зрабіць свой выбар. І хоць мне, як маці, было зусім няпроста адпусціць Дзяніса пасля заканчэння дзявятага класа на вучобу ў іншы горад, гэта быў яго выбар, і я з ім згадзілася. Зараз бачу, што сын стаў больш самастойным, многаму навучыўся, у тым ліку і рацыянальна распараджацца фінансамі. Пры гэтым важна рыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця з самага ранняга ўзросту: даваць ім магчымасць выказваць сваё меркаванне, рабіць уласны выбар, давяраць выкананне простых задач. А яшчэ трэба не крытыкаваць дзіцяці за памылкі, а вучыць яго, улічваючы недахопы, рабіць правільныя вывады.
Я абсалютна ўпэўнена ў тым, што дзеці пашыраюць межы нашых магчымасцяў. Напярэдадні Дня маці жадаю кожнай жанчыне адчуць гэтыя самыя светлыя пачуцці на зямлі і заўсёды заставацца шчаслівай і каханай.
Прыклад маці
Мы з Валерыем са шматдзетных сем’яў. Мая мама Ганна Лаўрыновіч адна выхавала траіх дзяцей, усё жыццё адпрацавала бухгалтарам у ААТ «Агратэхсэрвіс». Маці Валерыя, Марыя Цітовіч, за годнае выхаванне пяцярых дзяцей узгнагароджана Ордэнам маці. Яна таксама ўсё жыццё шчыравала ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, была заатэхнікам у ААТ «Буеўшчына». Зараз абедзьве нашы матулі на заслужаным адпачынку. Іх прыклад заўсёды быў у нас перад вачамі. І дзякуючы ім, у першую чаргу, мы адчулі, што мацярынская любоў з’яўляецца самым надзейным падмуркам для моцнай і шчаслівай сям’і.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара

