У жыцці кожнага з нас бацька адыгрывае важную ролю, з’яўляецца гарантам абароны і мудрым дарадцам, прыкладам для пераймання. Быць бацькам — гэта вялікая адказнасць і ў той жа час — шчасце.
Па вуліцы Чарванадворскай, што ў гарадскім пасёлку, пражывае сям’я Цітовічаў. Муж з жонкай Юрый і Вікторыя выхоўваюць шасцёра хлопчыкаў і дзяўчынак. Каб больш даведацца пра іх, мы завіталі ў гасцінны дом шматдзетнай сям’і.
Юрый нарадзіўся і вырас ў вёсцы Стары Пагост Міёрскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся на будаўніка ў абласным цэнтры.
— Пасля атрымання дыплома мяне прызвалі на тэрміновую службу, — кажа мужчына. — Падчас яе праходжання, а было гэта ў Гродне, выпадкова пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Вікторыяй. У хуткім часе яна стала маёй спадарожніцай жыцця. Не пабаялася пераезду з заходняй часткі рэспублікі на Віцебшчыну.
— Мы не скарыліся перад жыццёвымі цяжкасцямі, абодва са шматдзетных сем’яў, — далучылася да гутаркі Вікторыя. — Юрый пяты сын у сям’і сваіх бацькоў, а ў мяне на Гродзеншчыне яшчэ дзесяць братоў і сясцёр. Мы спачатку здымалі жыллё. Муж працаваў у Міёрскай ПМК-55 будаўніком, потым пераехаў у Шаркаўшчыну, уладкаваўся ў аналагічную арганізацыю і ўжо пяты год працуе грузчыкам на пагрузачным пункце «Шаркаўшчызна».
Юрый — сапраўдны гаспадар. Не пабаяўся ў свой час распачаць будаўніцтва ўласнага дома. З дапамогай родных людзей, а часцей нават самастойна, паступова ўзводзіў жыллё. Цяпер ва ўтульнай сядзібе разам з бацькамі жывуць іх дзеці: сыны Кірыл, Мацвей, Цімафей, Арсеній і дачушкі Ева са Златай.
— Мы вельмі любім свайго татачку і заўсёды дапамагаем яму, — крыху сарамліва прамовіў Мацвей. — Нягледзячы на сваю працоўную занятасць, ён заўсёды знойдзе час, каб удзяліць нам увагу, праявіць свой клопат.
— Дарагі наш татачка, будзь заўсёды здаровы, няхай ніколі з тваіх вуснаў не сыходзіць лагодная ўсмешка, а ў вачах зіхацяць агеньчыкі дабрыні, якой ты нас атуляеш! — выказалі свае пажаданні Ева і Злата.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

