
Яшчэ ў пачатку сваёй працоўнай дзейнасці Клаўдзія Пятроўна Бялевіч паставіла перад сабой мэту:” Буду працаваць так, як падказвае сумленне, каб за маю працу нікому не было сорамна. І той, хто будзе побач са мной — блізкі чалавек, саслужывец, таксама павінен працаваць з душой”. Па жыцці жанчына не выбірала лёгкіх шляхоў, а хацелася, каб праца давала плён і мець ад яе заробак.
У свой час яна закончыла Лужаснянскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці “агранамія”. Спачатку на сваёй радзіме — браслаўшчыне — давялося папрацаваць па спецыяльнасці. А калі ў хуткмі часе пераехала з сям’ёй у наш раён, то працавала аграномам-насенняводам у былым калгасе “Маяк”. Затым пачалося расфарміраванне гаспадарак, і спатрэбіўся загадчык на жывёлагадоўчую ферму Ручай. Кіраўніцтва прапанавала гэтую пасаду Клаўдзіі Пятроўне. Маўляў, арганізатарскімі здольнасцямі валодаеце, да працы адносіны адказныя, значыць і ў такой сферы дзейнасці ўсё атрымаецца. Доўга абдумвала жанчына, ці варта мяняць сваю прафесію і, нарэшце, згадзілася. Падставай стала тое, што трэба было матэрыяльна дапамагаць сынам вучыцца, а ў жывёлагадоўлі заробкі большыя. На той час Ігар займаўся ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі на аграхімічным факультэце, малодшы Яўгеній — у ваеннай акадэміі. Клаўдзія Пятроўна вельмі ганарыцца сваімі сынамі. Цяпер Ігар працуе намеснікам дырэктара ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Верхнядзвінскага раёна, Яўгеній — кадравы ваенны, жыве ў Баранавічах. Ёсць і малодшанькая — дачушка Таццяна, якая ходзіць у 5 клас. Так што Клаўдзія Пятроўна яшчэ і мнагадзетная маці.
Жанчына цэніць і паважае калектыў, у якім працуе. “Галоўны наш “касцяк” — даяркі Святлана Аляксеева, Наталля Пяцько і Ала Нягурка, — кажа яна. — А яшчэ не змаглі б паспяхова працаваць, каб не слесар-універсал Анатолій Аляхновіч”.
Варта сказаць, што ферма Ручай ААТ “Агратэхсэрвіс” адрозніваецца ад іншых па дысцыпліне і па працоўных паказчыках. У гэтым вялікая заслуга і яе, як брыгадзіра.
Кацярына СОСНА.
Фота Сяргея РАЙЧОНКА.
