Рыбацкія навіны: прайшло першае спартыўнае спаборніцтва «Зімняя рыбалка — 2026»

Общество Спорт Турызм

Сёлетняя зіма па-сапраўднаму заявіла пра сябе: наваколле патанае пад бялюткім снегам, рэкі і азёры скаваныя тоўстым ледзяным покрывам. Дзеці і дарослыя скарыстоўваюць такое надвор’е, каб каб з карысцю правесці свой вольны час.

У адзін з выхадных дзён на штучным вадаёме «Вардзік», што каля вёскі Александрова, сабраліся аматары зімняй рыбалкі — прадстаўнікі арганізацый, устаноў, грамадскіх аб’яднанняў гарадскога пасёлка і раёна. Тут прайшло першае спартыўнае спаборніцтва «Зімняя рыбалка — 2026».

Удзельнікаў вітала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Кашмілам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Арэшкавым. Арганізатары спаборніцтва растлумачылі ўмовы яго правядзення, тэхніку бяспекі на лёдзе і пажадалі поспеху рыбакам.

Васямнаццаць каманд па два чалавекі ў кожнай рушылі на вадаём, каб за дзве адведзеныя гадзіны злавіць найбольшую колькасць рыбы і стаць пераможцам.

Кожны з рыбакоў, маючы значны вопыт у лоўлі насельнікаў вадаёмаў, загадзя падрыхтаваў найлепшыя рыбацкія прыналежнасці і падкормку. На беразе засталіся чакаць сваіх спартсменаў-аматараў каманды падтрымкі, якія гатавалі гарбату, юшку, смажылі сала і шашлык.

Мужчыны і жанчыны, адышоўшыся на значную адлегласць адзін ад аднаго, лавілі рыбу. Камусьці вельмі пашанцавала, некаторым траплялася дробная рыба, іншыя радаваліся і невялікаму акуню, які трапляўся на кручок вуды. Канечне, кожны з рыбакоў атрымаў задавальненне ад праведзенага часу. Па-першае, гэта заключалася ў звычайных сяброўскіх зносінах. Па-другое, кожны з удзельнікаў спаборніцтва жадаў выйсці пераможцам. А па-трэцяе, прыемна было знаходзіцца на ўлонні прыроды і ўдыхаць гаючае паветра.

А дванаццатай гадзіне, як і планавалася, усе рыбакі завяршылі працэс лоўлі і рушылі на бераг, дзе судзейская брыгада займалася ўзважваннем злоўленай рыбы.

Першае каманднае месца заваявалі члены раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» (Валерый Ліпскі і Уладзімір Граковіч).

Другімі сталі выратавальнікі-пажарныя (Саша Дэксніс і Кірыл Марцінкевіч). Замкнулі тройку лідараў работнікі УКП ЖКГ (Ігар Малюгін і Яўген Латышонак).

У асабістым заліку сярод рыбакоў, не заняўшых прызавыя месцы, самы буйны ўлоў (610 грамаў) аказаўся ў Валерыя Куліка (райветстанцыя). Самую буйную рыбу (20,5 см) злавіў Антон Кінько (РАНС), самую маленькую (5,5 см) — Валерый Катовіч (ПМС).

У конкурсе на хуткасць па свідраванні трох лунак перамогу заваяваў Яўген Латышонак (УКП ЖКГ) з часам 16,8 секунды.

Разам з мужчынамі спаборнічала і адна жанчына — Наталля Абалевіч (ЦРБ). Яна дастойна выступіла, чым даказала, што ні ў чым не саступае моцнай палове.

Пераможцы і прызёры атрымалі з рук кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы Ганаровыя граматы райвыканкама, кубкі, медалі і грашовыя ўзнагароджванні.

— Першае раённае спаборніцтва прайшло на высокім арганізацыйным узроўні, — падкрэсліла галоўны суддзя мерапрыемства Наталля Арэшкава. — Дадому ўсе вярталіся з бадзёрым настроем, станоўчымі эмоцыямі і думкамі пра будучы год, калі мясцовыя рыбакі сустрэнуцца зноў.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.