Ва ўстановах і на прадпрыемствах праходзяць выніковыя пасяджэнні. Справаздачна-выбарная канферэнцыя адбылася і ў раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Дэлегаты абмеркавалі справаздачы старшыні раённай структуры Ірыны Міхалёнак і члена рэвізійнай камісіі Ларысы Чарняўскай за перыяд з сакавіка 2021 па люты 2026 гадоў.
— Асноўным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца садзейнічанне органам улады ў рашэнні праблем ветэранаў і адзінока пражываючых грамадзян. Наша грамадская арганізацыя цесна супрацоўнічае з сацыяльнай службай, раённым выканаўчым камітэтам, сельвыканкамамі, установамі адукацыі, культуры, — адзначыла Ірына Міхалёнак. — Мы падтрымліваем парадак каля помнікаў баявой і працоўнай славы, удзельнічаем у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
На ліку раённай ветэранскай арганізацыі шмат іншых знакавых спраў. Гэта ўдзел у грамадскім жыцці краіны, раённых і абласных мерапрыемствах, акцыях, правядзенне конкурсаў, віншаванне юбіляраў.
У рабоце канферэнцыі прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ён адзначыў маштабнасць той работы, якую праводзіць ветэранская арганізацыя, заклікаў прадстаўнікоў іншых аб’яднанняў цесна супрацоўнічаць з імі.
Намеснік кіраўніка раёна ўручыў падзякі старшыні райвыканкама лепшым актывістам ветэранскага руху — Ірыне Міхалёнак, Івану Лазовіку, Раісе Дзянісавай, Леанідзе Грыцкевіч і Аліне Латышонак.
На канферэнцыі выбраны новы склад раённага савета ветэранаў, рэвізійнай камісіі, адобраны дэлегаты на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю.
Старшынёй раённага савета ветэранаў пераабрана Ірына Міхалёнак, адказным сакратаром Маргарыта Баговіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.
