З пачуццём вялікай адказнасці адносіцца да сваёй працы аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы (да трох месяцаў) аддзялення «Рассвет» КУВСП імя Маркава Раіса Еўдакімава.
— Напэўна, таму і вынікі працы ў жанчыны заўсёды станоўчыя, — кажа дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель. — Ад нас, кіраўніцтва і спецыялістаў сельгаспрадпрыемства, залежаць наяўнасць кармоў, лекавых сродкаў для жывёлы, а таксама прадастаўленне належных усоў працы для работнікаў. Усё астатняе — чалавечы фактар тых людзей, якія кожны дзень ходзяць на працу.
Гурт цялят, за якімі даглядае Раіса, размешчаны ў міні-прафілакторыях. 58 маленькіх гадаванцаў утрымліваюцца ў чысціні і цеплыні. Калідоры пасыпаны вапнай, у клетках — свежая салома, якая пастаянна мяняецца, а ў кармушках — камбікорм КР-1 і малачко для выпайкі.
Калі зімой былі моцныя маразы, мы, работнікі фермы, займаліся ўцяпленнем памяшканняў, дзе ўтрымліваецца жывёла, — кажа Раіса. — Многія, і я ў тым ліку, прыносілі з дому старое адзенне, каб апрануць маленькіх цялятак, засцерагчы іх ад сцюжы.
Па выніках раённага спаборніцтва за люты Раіса Еўдакімава заняла другое месца, атрымаўшы з гурта сярэднясутачную прывагу 904 грамы. Жанчына ўпэўнена, што гэта не мяжа, можна і трэба дасягнуць больш высокіх вынікаў у працы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
