Новую тэхніку набыло сельгаспрадпрыемства «Княж»

Новости Витебщины Сельское хозяйство

Абнаўляецца машынна-трактарны парк гаспадарак. Нампрыканцы мінулага і ў пачатку сёлетняга года ў сельгаспрадпрыемствы раёна паступае тэхніка айчыннай вытворчасці.

Аграрыі зацікаўлены ў набыцці як трактароў, так і прычапных агрэгатаў да іх, бо ў хуткім часе пачнецца масавая сяўба яравых культур.

На старонках раённай газеты мы ўжо паведамлялі аб набыцці КУВСП імя Маркава, ААТ «Агратэхсэрвіс», «Даватарскі», «Буеўшчына» новых трактароў і пагрузчыкаў.

Папоўніўся і машынна-трактарны парк ААТ «Княж» адразу дзвюма адзінкамі энерганасычаных трактароў «Беларус» МТЗ-3522.

Рашэннем адміністрацыі гаспадаркі новую тэхніку замацавалі за Уладзімірам Александровічам і Аляксеем Апалькам. Мужчыны ўжо маюць пэўны вопыт у кіраванні трактарамі розных мадыфікацый. Яны ж і былі накіраваны на Мінскі трактарны завод для атрымання тэхнікі.

— Шлях ад сталіцы нашай рэспублікі да Германавіч мы пераадолелі за сем гадзін, — кажа Аляксей. — У дарозе паломак або іншых пазаштатных сітуацый не здаралася. Я і мой таварыш Уладзімір задаволены атрыманнем у кіраванне новай сучаснай тэхнікі. А параўнаць ёсць з чым, бо у мінулым працавалі на старых трактарах. Цяпер будзем імкнуцца апраўдаць давер кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.

— На нашых цяжкіх сугліністых глебах трэба рабіць стаўку на энерганасычаную тэхніку, — упэўнены дырэктар ААТ «Княж» Уладзімір Буда. — Трэба ісці ў нагу з часам, асвойваць перадавыя тэхналогіі не толькі ў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах, але і ў сучаснай інжынерыі. Тады ўсё атрымаецца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.