Узвядзенне малочнатаварнага комплексу ідзе ў ААТ »Княж»

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Княж» Шаркаўшчынскага раёна вядзецца будаўніцтва сучаснага малочнатаварнага комплексу, разлічанага на 800 галоў дойнага статка.Пляцоўка для яго ўзвядзення выбрана побач з дзеючай малочнатаварнай фермай «Германавічы». Спачатку была праведзена планіроўка тэрыторыі, вывезены грунт, выкапаны катлаваны.

— У першыя дні тут працавала пяць адзінак тэхнікі і шэсць рабочых, — тлумачыць намеснік брыгадзіра будаўнічага ўпраўлення № 3 ААТ «Будаўнічы трэст № 1» г. Мінск. Уладзіслаў Вярбіцкі. — На дадзены момант узводзім фундамент пад калоны, на якіх будзе трымацца металапрофільная агароджа будучага аб’екта. Працуем вахтавым метадам 15 чалавек па 15 дзён. Па меры пашырэння аб’ёмаў работ колькасць працуючых будзе павялічвацца.

На будаўнічай пляцоўцы здалёк ужо можна заўважыць калоны, якія ўзводзяцца адна за адной. З цягам часу тут з’явяцца два памяшканні для ўтрымання дойнага статка, малочны блок, электрычная падстанцыя, воданапорная вежа, кацельня, вагавая, санітарны прапускнік, помпавая станцыя, 5 сянажных траншэй і іншыя аб’екты.

— Увядзенне ў эксплуатацыю малочнатаварнага комплексу, а запланавана гэта на лістапад сёлетняга года, дазволіць нам павялічыць колькасць буйной рагатай жывёлы, у прыватнасці кароў, — кажа дырэктар гаспадаркі Уладзімір Буда. — На сённяшні дзень малако з’яўляецца стратэгічным прадуктам, ад рэалізацыі якога ідзе асноўны фінансавы прыбытак, што напрамую спрыяе матэрыяльнаму дабрабыту акцыянернага таварыства.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.