Стаўкі па рублёвых крэдытах для юрыдычных асоб у Беларусі да канца года знізяцца да 27-28 працэнтаў гадавых
Прамая тэлефонная лінія і анлайн-канферэнцыя са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзеяй Ермаковай на тэму «Усё аб грашова-крэдытнай палітыцы Беларусі» 29 кастрычніка прайшла ў прэс-цэнтры і на сайце БЕЛТА.
Пад час канферэнцыі Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі паведаміла, што стаўкі па рублёвых крэдытах для юрыдычных асоб знізяцца да 27-28 працэнтаў гадавых да канца 2014 года. Яна нагадала, што ў бягучым годзе Нацыянальным банкам быў прыняты шэраг мер, накіраваных на павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў для эканомікі краіны. Так, стаўка рэфінансавання з пачатку года знізілася на 3,5 працэнтнага пункта і з 13 жніўня складае 20 працэнтаў гадавых.
У маі ўступіла ў сілу рашэнне Нацыянальнага банка аб адміністрацыйным абмежаванні працэнтных ставак па крэдытаванні юрыдычных асоб у беларускіх рублях. Максімальны памер працэнтных ставак на дзень заключэння крэдытнага дагавора не павінен перавышаць сярэднюю працэнтную стаўку па новых крэдытах за апошні справаздачны месяц.
Дадаткова да гэтага з 28 верасня ўступіла ў сілу рашэнне Нацыянальнага банка, якім прадугледжана зніжэнне працэнтных ставак па новых крэдытах юрыдычным асобам у беларускіх рублях на 1 працэнтны пункт адносна існуючай сярэдняй працэнтнай стаўкі за папярэдні месяц.
Кіраўнік Нацбанка прывяла статыстычныя даныя, паводле якіх сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах, што прадастаўляюцца юрыдычным асобам у беларускіх рублях, знізілася з пачатку года на 12,6 працэнтнага пункта і склала ў верасні 33,3 працэнта гадавых. Такім чынам, з 14 кастрычніка памер працэнтных ставак па прадастаўленні банкамі крэдытаў юрыдычным асобам — рэзідэнтам у беларускіх рублях не павінен перавышаць 32,3 працэнта гадавых.
Паводле слоў Надзеі Ермаковай, паступовае зніжэнне працэнтных ставак па новых крэдытах юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце будзе прадоўжана.
Але пры гэтым, паводле яе слоў, «неабходна разумець, што пытанне павышэння даступнасці крэдытных рэсурсаў нельга разглядаць у адрыве ад вырашэння праблемы эфектыўнасці выкарыстання атрыманых крэдытаў».
«Цяпер у беларускіх банкаў дастаткова рублёвых і валютных рэсурсаў для ажыццяўлення крэдытавання. Галоўная задача на бягучым этапе — накіраваць іх на фінансаванне выключна эфектыўных праектаў з высокай аддачай», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.
Беларусі хопіць ЗВР для выканання ў 2015 годзе абавязацельстваў перад знешнімі крэдыторамі
Беларусь мае дастатковы аб’ём золатавалютных рэзерваў для выканання ў 2015 годзе сваіх знешніх крэдытных абавязацельстваў, аб’ём якіх складзе $4 млрд., паведаміла Надзея Ермакова.
Разам з тым, улічваючы неабходнасць падтрымання золатавалютных рэзерваў на бягучым узроўні для забеспячэння эканамічнай бяспекі краіны, урадам і Нацыянальным банкам праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па рэфінансаванні знешніх і ўнутраных абавязацельстваў, адзначыла Надзея Ермакова. «Для пагашэння абавязацельстваў будуць прыцягнуты незвязаныя знешнія крэдытныя рэсурсы, а таксама выкарыстаны ўнутраныя крыніцы запазычанасці», — сказала старшыня праўлення Нацбанка.
Акрамя таго, у 2015 годзе на пагашэнне знешняга дзярждоўгу плануецца накіраваць паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафтапрадукты і пошлін ад экспарту сырой нафы ўласнай здабычы.
Надзея Ермакова расказала таксама аб перспектывах атрымання Беларуссю шостага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. «У жніўні беларускі бок падрыхтаваў новую рэдакцыю пісьма аб намерах для атрымання шостага траншу крэдыту, якое накіраваў у АКФ ЕўрАзЭС для далейшага яго ўзгаднення. Прадаўжаецца работа па ўдакладненні асобных паказчыкаў», — праінфармавала кіраўнік Нацбанка.
Адказваючы на пытанне аб далейшым функцыянаванні фонду, Надзея Ермакова растлумачыла, што ён прадоўжыць сваю дзейнасць, нягледзячы на тое, што кіраўнікамі дзяржаў ЕўрАзЭС быў падпісаны дагавор аб спыненні дзейнасці гэтага аб’яднання з 1 студзеня 2015 года. Паводле слоў кіраўніка Нацбанка Беларусі, гэты дагавор не спыняе дзеянне ўстаноўчых дакументаў АКФ ЕўрАзЭС. Такім чынам, фонд прадаўжае сваю работу і выконвае ўскладзеныя на яго функцыі.
ЗВР Беларусі на канец 2014 года павінны застацца на ўзроўні пачатку гэтага года
«Што датычыцца нашых рэзерваў, то яны не змяншаюцца. Хацелася б, вядома, каб іх было больш. Паколькі заўсёды, калі запас большы, спіцца спакайней. Мы падлічваем, што на канец года нашы золатавалютныя рэзервы будуць на тым жа ўзроўні, што і ў пачатку года, — сказала кіраўнік Нацбанка. — У нас крыху палепшыўся тавараабарот, маецца на ўвазе гандлёвае сальда, знізіўся імпарт. На рознічным валютным рынку асаблівых праблем няма».
Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду на 1 студзеня 2014 года складалі $6 млрд 650,9 млн у эквіваленце. На 1 кастрычніка яны склалі $6 млрд 4,6 млн.
Курс беларускага рубля да канца года можа скласці Br10700-10800 за $1
Разліковая велічыня абменнага курса беларускага рубля на канец 2014 года, што выкарыстоўваецца ў праграмных дакументах на наступны год, складае Br10700-10800 за $1.
Разам з тым, з улікам значнага аслаблення нацыянальных валют краін — асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, на канец года абменны курс беларускага рубля можа скласціся на іншым узроўні, адзначыла Надзея Ермакова.
«Нацыянальны банк прадоўжыць правядзенне курсавой палітыкі, накіраванай на згладжванне ваганняў абменнага курса беларускага рубля. Пры гэтым будзе ўлічвацца неабходнасць зніжэння інфляцыі, дэвальвацыйных чаканняў, захавання стабільнасці на валютным рынку, а таксама падтрымання канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў на замежных рынках», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.
Існуючы цяпер знешнегандлёвы абарот Беларусі паказвае, што значны ўплыў на цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў можа аказаць толькі значная дэвальвацыя курса расійскага рубля да замежных валют, паколькі экспартна-імпартныя аперацыі з Казахстанам займаюць у знешнегандлёвым абароце Беларусі ўсяго каля 1 працэнта.
Разам з тым у студзені-жніўні бягучага года гэты ўплыў быў не такі высокі. Так, з пачатку 2014 года абменны курс расійскага рубля да долара ЗША знізіўся на 13 працэнтаў, а рэальны курс беларускага рубля да расійскага рубля ў жніўні 2014 года ў параўнанні са снежнем 2013-га вырас усяго на 2,6 працэнта.
Гаварыць аб дэнамінацыі ў Беларусі дачасна
«Праводзіць дэнамінацыю мэтазгодна толькі ў тым выпадку, калі ўзровень інфляцыі ў краіне стабільна нізкі і знаходзіцца на адзнацы менш як 10 працэнтаў. Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў бягучым годзе, і прагнозаў па інфляцыі на наступны год, гаварыць аб тым, што ў бліжэйшы час мы правядзём дэнамінацыю, дачасна», — адзначыла Надзея Ермакова.
Адказваючы на адно з пытанняў, старшыня праўлення Нацбанка таксама паведаміла, што з-за даволі высокай інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў, складанай эканамічнай і геапалітычнай сітуацыі ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі стаўка рэфінансавання ў нашай краіне да канца 2014 года, хутчэй за ўсё, застанецца на ўзроўні 20 працэнтаў гадавых. «Гэта мера будзе садзейнічаць стрымліванню інфляцыйных працэсаў і падтрыманню стабільнасці на валютным і дэпазітным рынках», — падкрэсліла яна.
Урад і Нацбанк Беларусі маюць намер знізіць інфляцыю да канца года да 18 працэнтаў
У верасні 2014 года гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 20 працэнтаў. «Чакаецца, што меры, якія прымаюцца ўрадам і Нацыянальным банкам, дадуць магчымасць знізіць яе да канца года да 18 працэнтаў», — сказала кіраўнік Нацбанка.
Надзея Ермакова нагадала, што ў 2015 годзе ставіцца задача запаволіць інфляцыйныя працэсы да 12 працэнтаў. «Гэта даволі складана з-за неабходнасці паступовай лібералізацыі цэнаўтварэння і павышэння адміністрацыйна рэгулюемых цэн, у тым ліку абумоўленага выраўноўваннем тарыфаў і акцызаў у Еўразійскім эканамічным саюзе», — адзначыла Надзея Ермакова.
Разам з тым у сярэднетэрміновай перспектыве, улічваючы больш нізкі ўзровень цэн у краінах-партнёрах, інтэграцыйныя працэсы будуць садзейнічаць зніжэнню інфляцыі і ў Беларусі, дадала яна.
Работнікі падатковай службы могуць атрымаць доступ да звестак аб куплі фізасобамі валюты з 1 студзеня 2015 года
На сённяшні дзень звесткі аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты ў банках краіны складаюць банкаўскую тайну, а падатковыя органы не належаць да органаў, якія ўпаўнаважаны на атрыманне гэтай інфармацыі. «Таму прадстаўленне такой інфармацыі ў падатковыя органы магчыма толькі пры ўмове ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты», — адзначыла Надзея Ермакова.
Паводле яе слоў, падрыхтаваны ўжо змяненні ў Падатковы кодэкс, з прыняццем якіх падатковым органам будзе прадастаўлена права атрымліваць звесткі, якія складаюць банкаўскую тайну фізічных асоб. Плануецца, што гэтыя нормы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2015 года.
Цяпер праводзіцца работа па арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам па падатках і зборах і Нацыянальным банкам у частцы прадастаўлення ў падатковыя органы звестак аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты ў банках краіны.
Кіраўнік Нацбанка адзначыла, што з тэхнічнага пункту гледжання рэалізацыя гэтага рашэння не выкліча ніякіх цяжкасцей. Нацыянальны банк штодзень атрымлівае ад банкаў звесткі аб продажы фізічным асобам замежнай валюты. Гэтыя даныя захоўваюцца ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме «Разлік» адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы. У выпадку прыняцця адпаведных паправак у Падатковы кодэкс, такія звесткі будуць перадавацца Нацыянальным банкам у падатковыя органы. Максімум, што для гэтага спатрэбіцца — нязначныя дапрацоўкі праграмнага забеспячэння на баку Міністэрства па падатках і зборах і Нацыянальнага банка.
Надзея Ермакова расказала таксама, чаму, з яе пункту гледжання, мэтазгодна прадастаўляць работнікам падатковай службы звесткі аб куплі фізасобамі замежнай валюты. У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам, звесткі аб продажы замежнай валюты могуць быць прадастаўлены Нацыянальным банкам праваахоўным органам па адпаведным запыце. Толькі за 6 месяцаў бягучага года па выніках апрацоўкі інфармацыі, атрыманай па запыце з Нацыянальнага банка, галоўным упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС праведзена 50 буйных затрыманняў «валютчыкаў». З незаконнага абароту канфіскаваны сродкі ў суме, эквівалентнай больш як Br4,3 млрд, узбуджана 95 крымінальных спраў, звязаных з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, ухіленнем ад выплаты падаткаў.
На падставе інфармацыі, прадастаўленай Нацыянальным банкам, у бягучым годзе праводзіліся кантрольныя мерапрыемствы і па лініі Міністэрства па падатках і зборах. У выніку больш як 400 індывідуальным прадпрымальнікам падатковымі органамі даналічана ў бюджэт больш як Br24 млрд, у тым ліку падаткаў — звыш Br16 млрд. Пры правядзенні работы па дэклараванні даходаў і маёмасці ўстаноўлена 350 фізічных асоб, у якіх расходы, у тым ліку на набыццё замежнай валюты, нерухомай маёмасці і транспартных сродкаў, значна перавышаюць даходы, інфармацыя аб якіх ёсць у падатковых органах. У выніку фізічным асобам даналічана ў бюджэт Br356,6 млн, з якіх спагнана Br245 млн. «Думаю, гэтыя лічбы гавораць самі за сябе», — рэзюмавала Надзея Ермакова.
У Беларусі прапрацоўваюць некалькі варыянтаў фінансавання малога і сярэдняга бізнесу праз гарантыйныя фонды
Урад і Нацыянальны банк прапрацоўваюць пытанне стварэння рэгіянальных гарантыйных фондаў у кожнай вобласці за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. «Прадугледжваецца, што рэгіянальныя фонды маглі б прадастаўляць паручыцельствы суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў памеры да 70 працэнтаў залогавага забеспячэння, што патрабуецца для атрымання крэдытных рэсурсаў», — праінфармавала Надзея Ермакова.
Альтэрнатыўным варыянтам можа стаць стварэнне гарантыйнага фонду ў выглядзе камерцыйнай арганізацыі з удзелам банкаў. Нацыянальны банк цяпер прапрацоўвае такую магчымасць з Міністэрствам эканомікі, Банкам развіцця і камерцыйнымі банкамі. Створана адпаведная рабочая група. «Пасля вызначэння мэтазгоднасці стварэння гарантыйнага фонду ў выглядзе камерцыйнай арганізацыі будуць вырашаны пытанні магчымых памераў паручыцельстваў, парадку вызначэння кошту гарантый і іншыя пытанні», — адзначыла кіраўнік Нацбанка.
У Беларусі падрыхтаваны праект дзяржрашэння аб сістэме жыллёвых будзберажэнняў
Нацыянальны банк сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання, Беларусбанкам і інстытутам жылля — НДПТІБ імя С.С.Атаева падрыхтаваў праект дзяржаўнага рашэння аб жыллёвых будаўнічых зберажэннях.
Дакументам прадугледжана, што памер штогадовай прэміі складзе 20 працэнтаў гадавых ад накопленай сумы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў за бягучы год з улікам фактычнага часу захоўвання сродкаў.
«Пры гэтым памер прэміі дзяржавы за справаздачны год не зможа перавышаць памер намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у снежні справаздачнага года», — адзначыла Надзея Ермакова.
Цяпер дакумент узгадняецца з зацікаўленымі, у тым ліку і ў частцы памеру прэміі дзяржавы.
Крэдытаванне на будаўніцтва жылля для маючых патрэбу па стаўцы 16 працэнтаў гадавых могуць аднавіць у Беларусі ў 2015 годзе
«У бягучым годзе не вернуць, але, магчыма, у наступным», — сказала кіраўнік Нацбанка, адказваючы на пастаўленае пытанне. Пакуль жа кіраўнік галоўнага рэгулятара параіла грамадзянам «разлічваць на свае магчымасці».
У цэлым, паводле яе слоў, стаўка па жыллёвых крэдытах да канца года ў Беларусі не знізіцца. «Інфляцыя ў нас у бягучым годзе наўрад ці рэзка знізіцца. Чакаецца, што яна павінна скласці каля 18 працэнтаў. З улікам гэтага ў банках і будуецца працэнтная палітыка. Гэта значыць вызначаецца «цана» грошай — па якой цане банкі могуць прыцягнуць грошы, каб іх потым аддаць у крэдыт, — адзначыла Надзея Ермакова. — Вядома, трэба яшчэ дабавіць аперацыйныя расходы, расходы на ўтрыманне работнікаў банка, яго тэхналогій і інш. Таму дабаўляецца маржа».
З улікам сказанага вышэй кіраўнік Нацбанка лічыць, што наўрад ці ў гэтым годзе працэнтныя стаўкі па жыллёвых крэдытах стануць ніжэй за 30 працэнтаў. Пры гэтым, згодна з прагнозамі, у наступным годзе інфляцыя складзе прыкладна 11-12 працэнтаў. «Са зніжэннем інфляцыі будзе зніжацца і стаўка па крэдытах», — адзначыла Надзея Ермакова.
Беларусь і Расія плануюць перайсці на расійскі рубель у разліках за энерганосьбіты
На Міжбанкаўскім валютным савеце Цэнтральнага банка Расіі і Нацыянальнага банка Беларусі прынята рашэнне аб прапрацоўцы пытанняў стымулявання далейшага росту разлікаў у нацыянальных валютах, праінфармавала Надзея Ермакова.
Асноўныя аб’ёмы разлікаў у доларах ЗША прыпадаюць на імпарт Беларуссю расійскіх энерганосьбітаў. Цяпер Банк Расіі праводзіць перагаворы з буйнейшымі расійскімі нафтагазавымі экспарцёрамі для ацэнкі магчымасцей пераводу разлікаў з беларускім бокам на расійскія рублі.
Кіраўнік Нацбанка звярнула ўвагу, што долар ЗША ў разліках паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі займае толькі 20 працэнтаў, а 70 працэнтаў знешнегандлёвых аперацый суб’ектаў гаспадарання абслугоўваюцца расійскімі рублямі.
«Далейшы рост долі нацыянальных валют ва ўзаемных разліках павысіць інтэграцыю фінансавых рынкаў дзяржаў, мінімізуе аперацыйныя выдаткі і знізіць схільнасць краін да геапалітычных рызык», — падкрэсліла Надзея Ермакова.
Пры гэтым такі крок не прынясе беларускім прадпрыемствам і фізічным асобам нейкіх дадатковых вартасных або часовых выдаткаў, дадала старшыня праўлення Нацбанка. Асноўная арганізацыйная нагрузка ляжа на банкаўскія сістэмы дзвюх краін, у прыватнасці, па фарміраванні дадатковых аперацыйных рэзерваў у нацыянальных валютах, развіцці інфраструктуры фінансавых рынкаў і ўзгадненні валютнага заканадаўства бакоў.
Пытанне аб адзінай валюце Беларусі, Казахстана і Расіі ў сярэднетэрміновай перспектыве не стаіць
Для паўнацэннага функцыянавання інтэграцыйнага аб’яднання новага ўзроўню краінам-удзельніцам неабходна поўнасцю выканаць сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні роўных умоў вядзення гаспадарчай дзейнасці эканамічнымі суб’ектамі і забяспечыць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы, адзначыла Надзея Ермакова.
Толькі пасля завяршэння фарміравання агульнага рынку, заснаванага на згаданым прынцыпе «чатырох свабод», магчыма ўтварэнне валютнага саюза і ўвядзенне адзінай валюты. Для гэтага бакам неабходна выбудаваць пэўныя фінансава-эканамічныя і прававыя асновы. «А гэта патрабуе паэтапнага збліжэння шэрага макраэканамічных паказчыкаў трох дзяржаў, выпрацоўкі і правядзення імі адзінай макраэканамічнай, падатковай, грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі, а таксама гарманізацыі і ўніфікацыі нацыянальных заканадаўстваў у пералічаных сферах», — растлумачыла кіраўнік Нацбанка.
«Ажыццяўленне краінамі гэтых мерапрыемстваў разлічана на доўгатэрміновы перыяд і замацавана ў адпаведных палажэннях дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
