Сярод маладых перадавых механізатараў раёна Аляксандр Морхат з КУВСП «Гарадзец»

Сельское хозяйство

І. К. Вазміцель і М. І. Баговіч з камбайнерам А. Р. Морхатам з КУВСП “Гарадзец”
фота з архіва: І. К. Вазміцель і М. І. Баговіч з камбайнерам А. Р. Морхатам з КУВСП “Гарадзец”

У мінулыя гады ў вёсцы некаторыя хлопцы з зайздрасцю глядзелі на сваіх равеснікаў-юнакоў, якія працавалі на трактарах, ды і дзяўчаты ахвотна сябравалі з такімі маладымі людзьмі, бо ў той час прафесія механізатара лічылася прэстыжнай.
І сапраўды, быць механізатарам, вадзіцелем, ці мець іншую прафесію, звязаную з тэхнікай — справа сапраўдных мужчын. Зараз сельгаспрадпрыемствы ў карыстанні маюць сучасную многафункцыянальную тэхніку, на якой працуюць вясковыя механізатары. Адным з такіх з’яўляецца і Аляксандр Морхат з КУВСП “Гарадзец”. Падчас веснавой і асенняй сяўбы зерневых ён працуе на трактары МТЗ-2022 у счэпе з сеялкай “Лемкен”. На ўзорванні глебы Аляксандр з іншымі механізатарамі пазменна шчыруе на энерганасычаным “Беларус-3022”. Калі надыходзіць перыяд летняй касавіцы траў, Аляксандр Морхат задзейнічаны на адвозе зялёнай масы ад кормаўборачных камбайнаў. У час ўборкі зерневых культур хлопец садзіцца за штурвал свайго камбайна КЗС-1218 “Палессе GS 12” і зранку да позняга вечара абмалочвае збажыну на палетках сельгаспрадпрыемства. У мінулагоднім раённым спаборніцтве сярод камбайнераў, занятых на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, Аляксандр трымаў лідзіруючыя пазіцыі па плошчы ўбранай збажыны і бункернай масе намалочанага зерня. За высокія дасягненні ў працы перадавога камбайнера асабіста віншаваў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель. А падчас святкавання Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі кіраўнік раёна Мікалай Ірынархавіч Баговіч узнагародзіў Аляксандра Морхата Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта з уручэннем гаршовай прэміі.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *