Маляваным дыванам Віцебскага Паазер’я нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Актуальное

Вольга Беласлудцава ў час працы над новым творам
Вольга Беласлудцава ў час працы над новым творам

Зараз нельга ўявіць, калі і кім быў зроблены першы маляваны дыван (маляванка) у Беларусі. Але добра вядома, што яго вытокі бяруць пачатак з глыбокай даўніны — з чыстых крыніц духоўнага жыцця беларусаў. Распаўсюджванне самаробных маляваных дываноў у краіне мела мясцовы абмежаваны характар. А бытавалі яны, у асноўным, у заходняй частцы сучаснай Віцебскай вобласці.
У канцы мінулага года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я”, лакалізаванага ў г. Глыбокае, г. п. Шаркаўшчына, в. Жукоўшчына (Шаркаўшчынскі раён), г. Браслаў, г. Паставы, г. Докшыцы і в. Крулеўшчына (Докшыцкі раён).
Маляваныя дываны — гэта від народнага жывапісу, традыцыі якога склаліся і шырока развіваліся ў першай палове мінулага стагоддзя на захадзе Віцебшчыны. Што да нашай мясцовасці, то на ўсходняй частцы тэрыторыі сучаснага Шаркаўшчынскага раёна гэтым відам творчасці займаўся знакаміты вандроўны мастак Язэп Драздовіч. Асноўныя сюжэты дываноў Драздовіча — начныя пейзажы з выявамі сярэднявечных замкаў і рэлігійных храмаў, прыродныя краявіды ў абрамленні кветак. Прысутнічала таксама і касмічная тэматыка. Доўгія часы гэтыя дываны заставаліся вісець на сценах хат вясковых жыхароў, з’яўляліся абавязковай дэталлю інтэр’еру жылля.
Вялікую цікавасць выклікаюць творчыя работы самабытнага мастака Ганны Мікалаеўны Курыловіч. Яшчэ ў даваенны час у яе роднай вёсцы дзяўчаты выходзілі замуж і збіралі сабе ў пасаг сярод іншых рэчаў маляваныя дываны, зробленыя рукамі Ганны Мікалаеўны. І ў кожнай дзяўчыны іх было абавязкова па два: адзін з малюнкам на белым фоне, другі — на цёмным.
Прадаўжальнікам справы мастака-самавучкі стала настаўніца з Шаркаўшчыны Людміла Мікалаеўна Маяк, разам з якой Ганна Мікалаеўна вучылі гэтаму віду мастацтва дзяцей у школьным гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Людміла Мікалаеўна Маяк пэўны час працавала пасля ў раённым Цэнтры рамёстваў, вяла гурток маляванкі. Аднойчы для праходжання вучэбнай практыкі ва ўстанову прыйшла навучэнка Мірскага рэстаўрацыйнага вучылішча Вольга Беласлудцава. Дзякуючы творчым і вельмі захапляльным заняткам Людмілы Мікалаеўны, маладая дзяўчына пазнаёмілася з традыцыямі народнага роспісу, характэрнымі для нашай мясцовасці, сур’ёзна зацікавілася маляванкай. А пасля заканчэння вучылішча Вольга прыйшла працаваць у Цэнтр рамёстваў, стала вучыцца сама і вучыць дзяцей мастацтву маляваных дываноў. У сваёй працы Вольга выкарыстоўвае трафарэты, штампы, але ўсё ж перавагу аддае вольнаму роспісу пэндзлем. Яна пастаянны ўдзельнік абласных аглядаў-конкурсаў сярод майстроў мастацкага роспісу, якія штогод праводзяцца ў межах міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Сучасныя носьбіты народнай традыцыі, такія, як Вольга, перадаюць сваё майстэрства ў час працы гурткоў па маляванцы, заняткаў на майстар-класах, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якую трэба абавязкова зберагчы для нашчадкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *