Шаркаўчанін Валерый Кавалёнак прызнаны лепшым грамадскім эколагам Рэспублікі Беларусь

Актуальное

Іван Міхалёнак (справа) віншуе Валерыя Кавалёнка
Іван Міхалёнак (справа) віншуе Валерыя Кавалёнка

Кожны год Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць шматлікія конкурсы экалагічнай накіраванасці, у якіх прымаюць удзел і жыхары нашага раёна. Напрыклад, летась лепшым грамадскім эколагам краіны стала настаўніца Германавіцкай сярэдняй школы Марына Фёдарава. Як паведаміў нам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Міхалёнак, сёлета таксама пашанцавала шаркаўчанам. Фатограф камбіната бытавога абслугоўвання Валерый Кавалёнак узнагароджаны дыпломам за першае месца як лепшы грамадскі эколаг Рэспублікі Беларусь.
Імя гэтага чалавека даўно вядома жыхарам нашага раёна. Валерый шмат год прафесійна займаецца фатаграфіяй, нават у свабодны ад працы час не расстаецца з фотаапаратам. З дапамогай гэтай тэхнікі ўдаецца зрабіць фотаздымкі рэдкіх відаў жывёл і птушак. Дарэчы, арніталогія для Валерыя — любімы занятак. Гэты чалавек не застаецца ў баку і ад вырашэння праблем па аднаўленні і захаванні буйнейшага ў Еўропе верхавога балота Ельня, прымае ўдзел у канферэнцыях па пытаннях акрэсленай праблемы, сам актыўна дапамагае прадстаўнікам грамадскіх арганізацый вырашаць задачы па захаванні біяразнастайнасці Ельні. Зараз Валерый майструе сінічнікі і шпакоўні, кармушкі для птушак, якія застаюцца у нашых мясцінах на зімоўку. Спраў у яго хапае заўсёды.
Навучальныя ўстановы раёна з’яўляюцца ўдзельнікамі разнастайных экалагічных праектаў. Гэта “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, “Зялёныя школы”, “Зялёная карта”. Вучні ў гуртках вядуць хімічныя даследванні рачной вады, праводзяць улік некаторых відаў птушак, вывучаюць стан экалогіі. Данііл Пачопка, вучань Шаркаўшчынскай СШ № 2, сёлета прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе на экалагічную тэматыку. Вучань даслаў на конкурс пісьмовую работу, у якой падрабязна расказаў пра працу, якой займаецца Валерый Кавалёнак у справе вывучэння і зберажэння флоры і фауны Шаркаўшчынскага раёна. У выніку работа Данііла стала пераможцай абласнога этапа дадзенага конкурсу. Іван Міхалёнак уручыў вучню дыплом, падарунак і пажадаў выдатнай вучобы.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Вучань СШ № 2 гарпасёлка Данііл Пачопка
Вучань СШ № 2 гарпасёлка Данііл Пачопка


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *