Сярод вялікай колькасці розных прафесій настаўнік, безумоўна, адна з самых цікавых і складаных. Гэта добра ведаюць усе тыя, хто абраў для сябе такі няпросты шлях. Усведамляючы сваю адказнасць за лёс дзяцей, прадстаўнікі гэтай прафесіі на працягу ўсяго жыцця знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку. Бо менавіта ад настаўніка ў вялікай ступені залежыць, наколькі паспяховымі будуць яго выхаванцы ў самастойным жыцці.
Іна Сямёнаўна Пучынская выкладае гісторыю ў Германавіцкай сярэдняй школе і адначасова з’яўляецца намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У названай навучальнай установе жанчына працуе звыш 20 гадоў, і сёння можна з упэўненасцю сказаць: у сваёй прафесіі гэты чалавек невыпадковы.
— З самага ранняга дзяцінства, колькі сябе памятаю, імкнулася быць настаўніцай, хацела вучыць дзяцей, — адзначыла мая суразмоўца. — Напэўна таму, што самой мне вельмі пашчасціла, на маім жыццёвым шляху сустрэліся выдатныя педагогі, якія пакінулі глыбокі след у душы. Сярод іх мае класныя кіраўнікі Анна Ювінальеўна Раманоўская і Тамара Рафаілаўна Ганебная, а таксама Зінаіда Ільінішна Таўкінь (апошняй, на жаль, ужо няма ў жывых).
А першымі і самымі дарагімі ў жыцці настаўнікамі сталі для мяне бацькі — Сямён Васільевіч і Фаіна Фёдараўна Грыгор’евы. Мяне і маіх сясцёр яны выхоўвалі працавітымі, добрымі і міласэрнымі людзьмі, навучылі усведамляць адказнасць за вынікі ўласнай працы. Бацька для мяне заўсёды быў і застаецца прыкладам, і я вельмі хачу, каб мае дзеці былі на яго падобныя.
Разам з мужам Віктарам Іванавічам гераіня гэтага матэрыялу выхавала двух сыноў, зараз яны ўжо дарослыя. Старэйшы Юрый працуе электраманцёрам райспажыўтаварыства, малодшы Раман — студэнт Полацкага дзяржаўнага універсітэта.
Іна Сямёнаўна Пучынская — настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі, яе прозвішча занесена на Дошку гонару раённага аддзела адукацыі. Азірнуўшыся на пройдзены прафесійны шлях, жанчыне ёсць чым падзяліцца з калегамі:
— Сёння настаўнік узброены вялікай колькасцю метадаў і прыёмаў, што дазваляюць будаваць работу на ўроку найбольш эфектыўна. Педагогу застаецца толькі фільтраваць іх, пакідаючы самае лепшае. Творчасць настаўніка заключаецца ў тым, каб валодаючы вялікім аб’ёмам інфармацыі, выкарыстоўваючы свой жыццёвы вопыт і вопыт калег, скампанаваць усё гэта і зрабіць штосьці сваё. Цалкам згодна з настаўніцай біялогіі са Смаргоні, пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2006” Ірынай Рамуальдаўнай Клявец, якая заўважае: “Добрага настаўніка на ўроку не бачна: ён нібыта нічога не робіць. А вучням пачынае здавацца, што яны самі да ўсяго дайшлі”.
Дарэчы, у нашай Германавіцкай школе добрых настаўнікаў вельмі шмат, сярод іх і вопытныя педагогі, і больш маладыя настаўнікі — творчыя, эрудыраваныя і энергічныя, яны ўвасобяць у жыццё яшчэ шмат цікавых задум. Святлана Уладзіміраўна Васілеўская, Лідзія Генадзьеўна Мядзелец, Святлана Міхайлаўна Лагун, Марына Аўгусцінаўна Кагалеўская, Марына Аляксандраўна Фёдарава і ўсе без выключэння педагогі карыстаюцца заслужанай павагай у калектыве. Выдатныя настаўніцы Леакадзія Станіславаўна Васілеўская і Аляксандра Сцяпанаўна Хаданёнак пайшлі ў гэтым годзе на заслужаны адпачынак. Гэтых вопытных і таленавітых жанчын вельмі не хапае ў нашай школе.
Не адно пакаленне дзяцей вывелі ў свет нашы былыя калегі, ветэраны педагагічнай працы. Сярод іх М. Г. Лаўрыновіч, І. А. Мядзелец, З. У. Мядзелец, М. Ф. Чарняўская, К. У. Рымдзёнак, В. Ф. Лагунёнак, А. Э. Райчонак, Л. Б. Кожан, К. А. Кожан, Г. Л. Філіпёнак, В. І. Хоміч, У. У. Васілеўская, М. М. Жураў, Л. Э. Журава, Ф. Н. Фёдараў. Кожны настаўнік — гэта цэлы Сусвет, і яго ніхто не заменіць.
Сардэчна віншую ўсіх сваіх калег з прафесійным святам! Шчыра жадаю ім добрага здароўя, далейшых творчых поспехаў у высакароднай працы, дабрабыту, удачы, усяго самага лепшага ў жыцці.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
