Ад работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна ў многім залежыць цеплыня і ўтульнасць ў нашых дамах і кватэрах, настрой кожнага з нас, добраўпарадкаванне гарадоў і вёсак. І, безумоўна, людзі, якія працуюць у гэтай сферы, за сваю добрасумленную працу і бездакорнае выкананне службовых абавязкаў заслугоўваюць таго, каб іх дзейнасць была адзначана па заслугах. Вось і адным з лаурэатаў прэміі “Чалавек года Віцебшчыны” па выніках работы за мінулы год стаў шаркаўчанін Мікалай Асеевіч Сокалаў – цясляр жыллёвага фонду унітарнага камунальнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Менавіта пра такіх людзей адзін мудры чалавек калісьці сказаў: “І тапорная работа можа стаць ювелірнай, калі цясляр — майстар сваёй справы”.
— У сферу абавязкаў Мікалая Асеевіча ўваходзяць сталярна-цяслярскія работы па забеспячэнні цякучага рамонту жыллёвага фонду, а менавіта пад’ездаў, дахаў, вакон і дзвярэй, некаторыя іншыя функцыі, -адзначыў у час нашай размовы майстар участка жыллёвага фонду УКП ЖКГ Сяргей Ігнацьевіч Лагун. — За 25 гадоў сваёй працы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, Мікалай дасканала асвоіў усе віды цяслярскіх работ. Гэтаму чалавеку можна смела даверыць любое, нават самае складанае заданне. Людзі заўсёды задаволены работай Мікалая Асеевіча, пра гэта сведчаць і шматлікія станоўчыя водгукі і словы ўдзячнасці ў яго адрас ад многіх жыхароў райцэнтра. А цяслярскае рамяство, між іншым, лёгкім не назавеш, асабліва ў зімовы перыяд часу. Лічыцца, што людзі такой прафесіі павінны валодаць вынослівасцю і спрытам, што асабліва важна пры складаных умовах: на вышыні, у цеснаце, або пры неспрыяльным надвор’і. Без уважлівасці і акуратнасці таксама не абыйсціся. Часта даводзіцца працаваць і ў выхадныя дні, або затрымлівацца вечарам, у гэтым таксама спецыфіка нашай рабочай прафесіі.
А пасля напружанага працоўнага дня добра вяртацца дадому, у цяпло сямейнага ачага. У Таццяны Кірылаўны і Мікалая Асеевіча Сокалавых дзве ўжо дарослыя дачкі – Наталля і Таццяна. Унучачка Даша ў гэтым годзе пайшла ў першы клас. Разам са сваімі бацькамі яна таксама пражывае ў нашым гарадскім пасёлку. Вельмі рады за свайго сына – лаўрэата ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” і бацькі Мікалая – Асей Андрэевіч і Галіна Піманаўна Сокалавы, якія жывуць у вёсцы Каршункі .
Дома у Мікалая Асеевіча захоўваюцца Граматы і падзякі, атрыманыя за ўзорнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Сярод іх – нагрудны знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь.
