27 сакавіка сваё прафесійнае свята будуць адзначаць работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва

Актуальное

IMG_6992 (Копировать)

Сучаснае жыццё шаркаўчан немагчыма ўявіць без сферы бытавых паслуг, дзякуючы якой наш жыццёвы ўклад становіцца больш зручным і камфортным. Вось і Шаркаўшчынскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва прапануе сваім наведвальнікам каля 20 відаў разнастайных паслуг, сярод якіх рамонт абутку, рамонт і пашыў швейных вырабаў, рамонт мэблі, паслугі цырульні, пральні, фотаатэлье, паслугі пракату, паслугі трактара, аўтатранспарту па перавозцы грузаў, прыём заяў па хімчыстцы, рамонт гадзіннікаў, складанабытавой тэхнікі, тэле- і радыёапаратуры. Адносна нядаўна ў РКБА адкрыўся новы трыкатажны цэх, у якім якасныя трыкатажныя вырабы ствараюцца на заказ па заяўках кліентаў. Найбольшым попытам у насельніцтва па-ранейшаму карыстаюцца паслугі  цырульні, пашыў швейных вырабаў і фотапаслугі. Галоўная задача супрацоўнікаў камбіната бытавога абслугоўвання — пашыраць асартымент аказваемых паслуг і выпускаемай прадукцыі, не зніжаючы пры гэтым якасці. І хоць сёння сістэма бытавога абслугоўвання раёна перажывае не лепшы свой перыяд, у РКБА не апускаюць рукі і робяць усё магчымае, каб вытрымаць канкурэнцыю і заставацца запатрабаванымі на рынку паслуг. Для гэтага і працуе дружны і зладжаны калектыў работнікаў сферы бытавога абслугоўвання, якія заўтра, 27 сакавіка, будуць адзначаць сваё прафесійнае свята.

Віншаванні ў гэты дзень ад сваіх калег, кіраўніцтва і ўдзячных кліентаў разам з іншымі прадстаўнікамі РКБА будуць прымаць Галіна Пятроўна Казлоўская, Марыя Валяр’янаўна Райчонак і Юрый Гранцікавіч Давідзян, пра якіх можна смела сказаць, што гэта людзі, правераныя часам, гатовыя супрацьстаяць многім праблемам і цяжкасцям, надзейныя і адказныя спецыялісты. На такіх і трымаецца сёння сфера бытавога абслугоўвання раёна.

Вось ужо амаль чвэрць стагоддзя прайшло з той пары, як на працу ў камбінат бытавога абслугоўвання прыйшла Галіна Пятроўна Казлоўская. На працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў яна з’яўляецца прыёмшчыцай заказаў і ажыццяўляе работу з людзьмі. Энергічная і абаяльная жанчына можа адначасова і кліентаў абслугоўваць, дэманструючы ім тавар, і расказваць пра яго якасць, і даць параду адносна таго, што выбраць. І пры гэтым умела і хутка працаваць з касай.

Юрый Гранцікавіч Давідзян — майстар па рамонце абутку з 26-гадовым стажам. Доўгі час аказваў паслугі насельніцтву на тэрыторыі Германавіцкага комплекснага прыёмнага пункта, апошнія 2 гады працуе ў гарадскім пасёлку. Усе яго пастаянныя кліенты добра ведаюць — свае абавязкі майстар выконвае сумленна, а значыць, адрамантаваны надзейна і якасна абутак зможа яшчэ паслужыць. Таму і наведвальнікаў у абутковай майстэрні Юрыя Давідзяна заўсёды хапае.

У ліку лепшых работнікаў службы быту нашага рэгіёну — Марыя Валяр’янаўна Райчонак, закройшчыца, якая вось ужо 35 год працуе на камбінаце. Пасля заканчэння вучобы яшчэ зусім маладая дзяўчына, атрымаўшы спецыяльнасць закройшчыцы жаночага лёгкага адзення, прыехала ў Шаркаўшчыну на сваё першае працоўнае месца і засталася тут па сёння. Разам з камбінатам яна перажыла ўсе яго ўзлёты і падзенні, гады няпростых рэформ і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, засталася вернай абранай прафесіі і свайму прадпрыемству. Менавіта такія майстры, з высокім прафесіяналізмам, адказнасцю, вялікім вопытам работы, і з’яўляюцца лепшай рэкламай для нашага камбіната бытавога абслугоўвання і сёння. Менавіта да іх і прыходзяць шаркаўчане па якасныя паслугі, і ў іх вучыцца маладое пакаленне работнікаў РКБА. Карыстаючыся выпадкам, праз раённую газету Марыя Валяр’янаўна віншуе ўсіх сваіх калег са святам, асабліва заслужаных работнікаў камбіната бытавога абслугоўвання, у якіх яна вучылася майстэрству і прафесіяналізму. Гэта Галіна Ніканораўна Пучынская, Вікторыя Іосіфаўна Рэдзько, Францішка Антонаўна Шпаковіч, Мікалай Іванавіч Латышонак, Раіса Міхайлаўна Катовіч, Галіна Міхайлаўна Свірко, Анатолій Міхайлавіч Сойка і Галіна Аркадзьеўна Зялёнка. А сама Марыя Валяр’янаўна Райчонак за высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у сферу бытавога абслугоўвання, узорнае выкананне службовых абавязкаў і з нагоды прафесійнага свята будзе ўзнагароджана Граматай Упраўлення бытавога абслугоўвання Віцебскай вобласці.

Са святам вас, работнікі сферы бытавога абслугоўвання раёна! Шчасця вам і вашым сем’ям, моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

ФОТА Валерыя КАВАЛЁНКА.IMG_6947 (Копировать) IMG_6953 (Копировать) IMG_6965 (Копировать) IMG_6969 (Копировать) IMG_6975 (Копировать) IMG_6980 (Копировать) IMG_6991 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *