На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны вынікі работы жывёлагадоўлі за люты 2016 года

Сельское хозяйство

IMG_1635Роўна месяц назад на адным з пасяджэнняў райвыканкама разглядалася пытанне пра вынікі работы ў жывёлагадоўлі за студзень 2016 года. Тады крытыкаваўся шэраг кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў за зніжэнне паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі ў дадзенай галіне. Прынятым рашэннем былі вызначаны пэўныя тэрміны на выпраўленне дапушчаных памылак.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 22 сакавіка, былі разгледжаны вынікі работы жывёлагадоўлі за люты 2016 года. З дакладам па асноўным пытанні выступіў першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Юрый Георгіевіч Лабуць. Рост валавай вытворчасці ў жывёлагадоўлі за гэты перыяд склаў 101, 8 працэнта. Але разам з тым, з пачатку года ў такіх сельгаспрадпрыемствах як ААТ “Даватарскі”, “Ельня-Агра”, “Жвіранка”, “Агратэхсэрвіс” і КУВСП імя Маркава вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 97,6, 93,6, 99,3, 84,3, 97,5 працэнтаў адпаведна. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе за люты склала 86,3 працэнты да аналагічнага перыяду мінулага года. Самыя нізкія паказчыкі ў ААТ “Агратэхсэрвіс” — 64,2 працэнта і ААТ “Жвіранка” — 59,9 працэнта. Сярэднесутачныя прывагі БРЖ склалі 389 грамаў ці мінус 53 грамы да такога ж перыяду 2015 года.

Лепш выглядаюць паказчыкі па малаку. Яго валавая вытворчасць за люты склала 109,3 працэнты да мінулагодняга паказчыка. Прадукцыйнасць дойнага статка — 233 кілаграмы, што на 23 кілаграмы больш, чым у лютым 2015 года. Рэалізавана дзяржаве гэтага прадукту жывёлагадоўлі гатункам “экстра” 54,8 працэнта. Разам з тым, не выйшлі на ўзровень лютага мінулага года па вытворчасці малака ААТ “Даватарскі” — 99,5 працэнта, ААТ “Ельня-Агра” — 97,5 і КУВСП імя Маркава — 96,8 працэнта.

З адмоўнага боку была ахарактарызавана работа кіраўніцтва і галоўных спецыялістаў ААТ “Княж”. Гэта адзіная гаспадарка ў раёне, дзе за два месяцы з малочнатаварных ферм не здадзена малака гатункам “экстра”. Начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Казак, які прыняў удзел у рабоце пасяджэння райвыканкама, паведаміў, што ў хуткім часе будуць прымацца жорсткія меры ў дачыненні кіраўнікоў тых сельгаспрадпрыемстваў, дзе не атрымоўваюць малако гатунку “экстра”. Яно і зразумела, бо гаспадаркі, якасць малака ў якіх не адпавядае патрабаванням, губляюць немалыя грашовыя сродкі ад яго рэалізацыі.

Дырэктар райплемстанцыі Юрый Багуслававіч Аляхновіч у сваім выступленні агучыў аналіз работы па ўзнаўленні статка БРЖ у гаспадарках раёна за прайшоўшы перыяд сёлетняга года. Пра лячэнне, прафілактыку і дыягностыку некаторых хвароб буйной рагатай жывёлы прысутным расказаў дацэнт кафедры акушэрства Віцебскай ветакадэміі Леанід Рубанец.

У другой, практычнай, частцы пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі малочнатаварную ферму Сасноўцы ААТ “Даватарскі”, дзе азнаёміліся з тэхналогіямі ўтрымання цялят да 20-дзённага ўзросту, атрымання малака гатунку “экстра”, а таксама праведзенай рэканструкцыяй аднаго з будынкаў МТФ. На малочнатаварным комплексе Варонка ААТ “Буеўшчына” удзельнікам пасяджэння паказалі, як правільна трэба ўтрымліваць сухастойных кароў. Азнаёмілі з метадамі і сучаснымі медпрэпаратамі, якія выкарыстоўваюцца на комплексе пры лячэнні жывёл з рознымі захворваннямі.

Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, які вёў пасяджэнне, паставіў шэраг канкрэтных задач перад кіраўніцтвам, зоатэхнічнымі і ветэрынарнымі службамі гаспадарак па вырашэнні ўзнятых пытанняў у галіне жывёлагадоўлі. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што адмоўных паказчыкаў тут быць не павінна.

Сяргей РАЙЧОНАК

IMG_1593 IMG_1599 IMG_1602 IMG_1609 IMG_1612 IMG_1617 IMG_1628 IMG_1632 IMG_1639



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *