
Справа далучэння дзяцей да свету мастацкай літаратуры ў апошні час з’яўляецца асабліва важнай. Работа па выхаванні павагі і цікавасці да кнігі ў падрастаючага пакалення патрабуе пастаяннага пашырэння, узбагачэння новымі ідэямі, знаходкамі і падыходамі.
У чарговы раз бібліятэкары Лужкаўскай бібліятэкі наведалі вучняў мясцовай школы з мэтай папулярызацыі кнігі, а таксама для вывучэння сучасных дзіцячых інтарэсаў і запытаў. Так для вучняў 2 класа ў сакавіку адбыўся бібліятэчны ўрок-гульня “Библиотека, книга, я — верные друзья”. Пачалася наша сустрэча з пытання: “Навошта чалавеку кнігі?” Адказам на яго стала народная прыказка “Хто многа чытае, той шмат знае”. А каб пацвердзіць гэта мудрае выказванне, бібліятэкары разам з дзецьмі адправіліся ў завочнае падарожжа па краіне кніг і бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў.
У час мерапрыемства для малодшых школьнікаў прагучалі вершы пра кнігі, у займальнай форме прысутныя пазнаёміліся з правіламі знаходжання ў бібліятэцы, кароткай гісторыяй узнікнення кнігі, першадрукарамі, са святамі, прысвечанымі друкаванаму слову і пісьменству, а таксама з такімі паняццямі як бібліятэка, абанемент, чытальная зала, структура кнігі і інш.
Для дзяцей было карысным даведацца пра тое, як выдаецца кніга, людзі якіх прафесій прымаюць удзел у яе выданні, як называюцца і якую ролю адыгрываюць асобныя яе элементы, а таксама адкрыць для сябе цікавыя факты пра кнігі, іх шлях ад пісьменніцкага стала да бібліятэкі. Напрыканцы сустрэчы, удзельнічаючы ў гульнях, віктарынах і загадках, вучні ўзгадалі розных літаратурных герояў з твораў для дзяцей.
Адносна прапаганды кнігі і чытання ў практыцы нашай бібліятэкі замацаваліся шматлікія мерапрыемствы пазнавальнага, гульнёва-забаўляльнага характару, а на будучае ў нас запланаваны шэраг новых цікавых сустрэч. Робім мы гэта са шчырым жаданнем прывіць любоў і павагу да кнігі, умацаваць прэстыж бібліятэкі, захаваць бясспрэчную каштоўнасць друкаванага слова.
Л. ГУГАЛІНСКАЯ,
бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі.
