«Мы вас віншуем, Марыя Афанасьеўна!» Жыхарка Шаркаўшчыны Марыя Афанасьеўна Свірко адсвяткавала 90-гадовы юбілей

Актуальное

школьніцы Кацярына Сайкоўская і Анастасія Цішаловіч павіншавалі юбілярку

Не так шмат людзей перасягаюць жыццёвы рубеж у дзевяноста гадоў, і канешне, тыя, хто пражылі такое доўгае жыццё, заслугоўваюць павагі. Асабліва калі жыццё іх было такое няпростае, як у жыхаркі гарадскога пасёлка Марыі Афанасьеўны Свірко. У тры гады яна засталася сіратой, выхоўвалася ў дзетдоме. У гады Вялікай Айчыннай вайны  ўдзельнічала ў партызанскім руху, у складзе брыгады выконвала разнастайныя аперацыі, была разведчыцай. Дарэчы, яна ўзнагароджана ордэнам ВАВ 3-й ступені.
У дом да Марыі Афанасьеўны Свірко 20 кастрычніка, калі ёй споўнілася 90 гадоў, прыйшло шмат гасцей. Гэта намеснік старшыні райвыканкама Галіна Фёдараўна Волах, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава, прадстаўнікі калектыву райпаліўзбыту, у якім юбілярка адпрацавала касірам некалькі дзясяткаў гадоў, вучаніцы сярэдняй школы №1 з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксанай Паўлаўнай Пачапко.
— У жыцці кожнага чалавека ёсць асаблівыя дні, — сказала, віншуючы юбілярку, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Фёдараўна Волах. — Да такіх, без сумнення, адносіцца і дзень дзевяностагадовага юбілею. Марыя Афанасьеўна пражыла доўгае, безумоўна, складанае, але такое прыгожае жыццё. Вельмі шмат яны са сваім мужам Сямёнам Філіпавічам зрабілі для раёна. І мы, вядома, цэнім іх працу і ўдзячны ім за яе. Віншуем вас і жадаем вам добрага здароўя!
Да яе віншаванняў далучыліся ўсе астатнія госці.

юбілярка з нявесткай Галінай Міхайлаўнай і сынам Аляксандрам Сямёнавічам

Марыі Афанасьеўне, у якой апошнім часам хапае праблем са здароўем, вядома, прыемна было бачыць столькі гасцей на сваім свяце. А яшчэ прыемна, што побач знаходзіліся блізкія людзі, сын Аляксандр Сямёнавіч і нявестка Галіна Міхайлаўна, клопат якіх яна адчувае кожны дзень. Дачка Ніна жыве ў Быхаве, але і яна абяцала прыехаць на бліжэйшыя выхадныя.
— Дзякуй вам вялікі, што не забылі мяне, праведалі, — звярнулася са слязамі хвалявання юбілярка да гасцей. — Я вось убачыла вас, маладых, дык сама трошкі развеялася, нібыта цяжар нейкі скінула.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *