Фінішныя акорды “Княжа” на пасяўной-2016

Сельское хозяйство

Аляксандр Данілаў каля свайго МТЗ-3022
Аляксандр Данілаў каля свайго МТЗ-3022

Пагодныя майскія дні спрыяюць аграрыям раёна хуткімі тэмпамі весці вясенне-палявыя работы. Цяпер гаспадаркі наблізіліся да фінішнай паласы ў сяўбе яравых культур. Так, па стане на 23 мая іх у раёне пасеяна 75 працэнтаў да плану. Вядзецца хімічная праполка, падкормка яравых культур, падсеў траў.

Набліжаюцца да завяршэння сяўбы і ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Княж”. Яравы клін у сельгаспрадпрыемстве павінен скласці 1208 гектараў. На 23 мая тут пасеяна 1121 гектар або 93 працэнты да задання. На ўсёй запланаванай плошчы, а гэта 608 гектараў, пасеяны зерневыя і зернебабовыя культуры. Рапсу пасеяна 243 гектары, пры заданні 450 га. Цалкам справіліся з пасевам кукурузы, насенне якой загорнута ў глебу на плошчы 150 гектараў. Завяршаецца і другая падкормка азімых зерневых.

— Яшчэ з восені і на працягу зімы актыўна вяліся работы па рамонце тэхнікі, прычапных агрэгатаў у механічных майстэрнях, — кажа нам намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Таццяна Бохан. — І цяпер, дзякуючы гэтаму, мы без прастояў праводзім пасяўную кампанію. Аператыўна працуе інжынерная служба, сумленна і адказна выконваюць работу механізатары і паляводы. Кожны чацвер падводзяцца вынікі ўнутрыкалектыўнага спаборніцтва, узнагароджваюцца пераможцы. Лідарамі сярод механізатараў, занятых на падрыхтоўцы глебы, з’яўляюцца трактарысты Ігар Цярэшка і Аляксандр Лаўрыновіч. Абодва яны працуюць на К-701. Сярод сейбітаў першае месца трывала замацавалася за механізатарам Сяргеем Хаданёнкам. Дарэчы, ён і Ігар Цярэшка сярод лідараў і на раённым узроўні. Слоў удзячнасці за добрасумленную працу заслугоўваюць таксама механізатары Васілій і Аляксандр Данілавы. Бацька і сын працуюць на энерганасычаных трактарах МТЗ-3022. Старэйшы Данілаў у асноўным задзейнічаны на ворыве, а малодшы — на сяўбе. Наогул, усе работнікі нашага сельгаспрадпрыемства прыкладаюць максімум намаганняў, каб пасяўная кампанія 2016 года як мага хутчэй зрабіла свой апошні крок на фінішную паласу.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *