На тэрыторыі нашага раёна ў апошнія гады захоўваецца цудоўная традыцыя – віншаваць матуль, у якіх дзеткі нарадзіліся напярэдадні або ў дзень святкавання галоўных дзяржаўных датаў. Вось і ў гэтым годзе, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, самыя шчырыя віншаванні, кветкі і падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прымалі шаркаўчанка Марына Яфімава і яе навароджаная дачушка Сафія, якая з’явілася на свет 29 чэрвеня гэтага года. У сям’і Яфімавых гэта ўжо другое дзіцяці. Дома разам з астатнімі членамі сям’і сваю матулю і маленькую сястрычку вельмі чакае старэйшы брат Раман, якому хутка споўніцца тры гады.
А напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны, акрамя родных, сяброў і проста знаёмых з нараджэннем дачушкі маладую маці павіншавалі галоўны ўрач Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслаў Стома, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Юлія Протас і адна з удзельніц гэтай маладзёжнай арганізацыі Алеся Русецкая, а таксама акушэрка радзільнага аддзялення Іна Шылёнак (на здымку).
Віншаванні ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы праходзілі ў межах акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Падары навароджанаму вышыванку”. Прыгожы і памятны сувенір з імем і датай нараджэння маленькай Сафіі, а таксама паштоўку з вышыўкай для ўдзельнікаў акцыі падрыхтавала метадыст раённага Цэнтра рамёстваў Ірына Груніна.

