
Пасля смерці ў 1935 годзе першага кіраўніка адроджанай Польскай дзяржавы і заснавальніка польскай арміі Юзэфа Пілсудскага паўстала пытанне аб ушанаванні яго памяці. Маршал паходзіў з Віленскага краю, і ўлады на яго тэрыторыі вырашылі ажыццявіць арыгінальны праект “100 школ для Віленшчыны”. Установы павінны былі насіць імя Пілсудскага і быць узорнымі. У 1935 годзе было прынята рашэнне гэтыя школы пабудаваць за два гады.
На тэрыторыі цяперашняга Шаркаўшчынскага раёна былі ўзведзены такія школы ў Болкалах, Шкунціках, Іванаве (Стральцоўская) і Слабадзе. Сёння мы раскажам чытачам пра гісторыю існавання адной з іх — былой Слабадской школы.
Тыпавы будынак школы быў узведзены ў 1936 годзе ў вельмі дрэнным нізінным месцы побач з лесам. Па адной версіі, ніводная вёска не хацела даваць участак з больш-менш урадлівай зямлёй пад будоўлю, бо ў тыя часы яе і так не хапала. А вось на думку некаторых людзей, установа адукацыі была пабудавана на прыкладна роўнай адлегласці ад навакольных вёсак, каб усім вучням было аднолькава хадзіць на заняткі.
Адкрытая школа нагадвала своеасаблівы комплекс, дзе акрамя класаў былі кватэра для дырэктара і жылое памяшканне для пакаёўкі, якая наглядала за ўсім будынкам. Школу павінны былі наведваць усе дзеці да чатырнаццаці год. Навучанне, канечне ж, вялося толькі на польскай мове. Нават паміж сабой вучням забаранялася размаўляць па-беларуску. Першым дырэктарам Слабадской сямігодкі быў Франак Будзіч. Ён не толькі з’яўляўся кваліфікаваным педагогам, але яшчэ нават па тых часах арганізоўваў экскурсіі-падарожжы для вучняў ажно ў Вільню.
З усталяваннем савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года Франака Будзіча і яго жонку арыштавалі. Па некаторых версіях, першых педагогаў Слабадской школы разам з захопленымі ў палон польскімі вайскоўцамі і інтэлігентамі адправілі ў канцэнтрацыйны лагер “Катынь”, дзе яны былі расстраляныя.
Новая сістэма адукацыі прадугледжвала перамяшчэнне вучняў на адзін год па класах ніжэй з-за таго, што школьнікаў трэба было вучыць чытаць і пісаць на беларускай мове. У 1940-1941 навучальным годзе на працу ў Слабадскую школу прыехалі настаўнікі-спецыялісты па ўсіх прадметах. У яе сценах усё ішло па-новаму: не чутна было ўжо больш польскай гаворкі, не прыходзілася вучням пераносіць і фізічнага пакарання. З дзецьмі працавалі чулыя настаўнікі, якія клапаціліся аб сапраўдным усебаковым навучанні падрастаючага пакалення. З верасня 1939 года па красавік 1941 года школу ўзначальваў Іван Паўлавіч Сікора. Але вельмі кароткай была радасць дзяцей і іх бацькоў. Надышло суровае лета 1941 года, і к восені мясцовасць была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Хто ў такіх абставінах мог думаць пра адукацыю? Між іншым, школа была адкрыта новымі ўладамі, але праіснавала толькі адзін год. Чаму ж вучылі ў ёй? На гэта пытанне адказаць цяжка.
Мудрыя педагогі, старанныя вучні
Будынак школы ў час Вялікай Айчыннай вайны быў пашкоджаны, таму 1 верасня 1944 года вучні займаліся ў прыстасаваным для вучобы доме ў вёсцы Алашкі.
Дакументы сведчаць
Выпіска з пратакола пасяджэння выканкама Шаркаўшчынскага райсавета дэпутатаў працоўных: 1) зацвердзіць сумы расходаў для рамонту і аднаўлення Слабадской сямігодкі — 15.000 рублёў; 2) абязаць загадчыка РАНА тав. Стальмахову і тэхніка гаркамунгаса тав. Бахіра ўдакладніць каштарысы расходаў па рамонце Слабадской школы, якія прадаставіць на разгляд выканкама да 28 чэрвеня 1945 года. Старшыня выканкама райсавета дэпутатаў працоўных Ларыонаў. Сакратар выканкама райсавета дэпутатаў працоўных Міронава. 17 студзеня 1945 года.
І вось праз два гады першы вераснёўскі дзень вучні школы сустрэлі ў адрамантаваным будынку. З 1949 па 1950 гады дырэктарам установы працуе Кажароў. Пасля яго гэту пасаду на працягу наступных чатырох год займаў Жалудко. На жаль, не захавалася звестак, якія імёны былі ў гэтых настаўнікаў і адкуль яны родам. У 1953-1954 навучальным годзе Слабадская сямігодка стала сярэдняй школай. Былі адкрыты 8 і 9 класы. А яшчэ праз год адбыўся першы выпуск. Тады атэстаты сталасці з рук дырэктара школы Клаўдзія Іосіфавіча Бейнаровіча атрымалі 15 юнакоў і дзяўчат. У гэты ж перыяд у Слабадской СШ працаваў і будучы прафесар, намеснік дэкана БДУ Уладзімір Міхайлавіч Лазоўскі. Дарэчы, К. І. Бейнаровіч таксама ў хуткім часе пайшоў на павышэнне і ўзначаліў аддзел адукацыі Пастаўскага райвыканкама, а яго калега, настаўнік Пётр Ільіч Радзькоў, атрымаў аналагічную пасаду ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме.
Найлепшых поспехаў вучні і настаўнікі Слабадской сярэдняй школы дасягаюць падчас працы на пасадзе дырэктара Яўгенія Георгіевіча Райчонка, які ўзначаліў школу ў 1964 годзе. Акрамя ўрокаў дзейнічаюць аб’яднанні і гурткі па інтарэсах: аўтамабільны (у школе была грузавая машына), фатаграфічны, літаратурны, драматычны, спартыўны, юннатаў і інш. Дзеці з вялікім задавальненнем займаюцца ў іх, развіваюць свае ўменні і навыкі, паглыбляюць веды. Вучні кіруюць кінаапаратурай, дэманструюць фільмы. Вучнёўская вытворчая брыгада за вырошчванне высокіх ураджаеў на прышкольным участку займала першыя месцы на раённых конкурсах. А на абласным злёце 1964 года брыгада заваявала пераходны сцяг АблАНА. На рэспубліканскім злёце вучні ўзнагароджаны дыпломам 1-й ступені. У гэтым жа годзе школа — удзельніца Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі ў Маскве.
Добрыя вынікі ў вучняў і ў справе фізічнага выхавання. Тры гады запар (1963-1965) школьнікі трывала ўтрымлівалі першае месца ў раёне па лыжнай падрыхтоўцы і столькі ж год з’яўляліся бясспрэчнымі лідарамі раённага турыстычнага злёту.

У 1967 годзе настаўніцы пачатковых класаў Васе Міхайлаўне Чабатаронак прысуджана ганаровае званне Заслужанага настаўніка БССР, Выдатніка народнай асветы. А яшчэ праз дзевяць год у 1976 годзе такое ж званне атрымала і настаўніца біялогіі Праскоўя Іванаўна Зарэцкая. Ёй уручаны бронзавы медаль ВДНГ СССР.
Дружына імя Віці Чаравічкіна

Такую назву з 1948 года насіла піянерская дружына школы. Каля вытокаў яе стварэння стаяла першая піянерважатая Еўдакія Калінка. Ініцыятыва пачаць праводзіць “Пионерские костры” належала важатай Тамары Кісялёвай. Гэта традыцыя захавалася на многія гады. Пад кіраўніцтвам Ядзвігі Хаданёнак у школе быў створаны драматычны гурток. Першымі гледачамі тэатральных пастановак сталі працаўнікі калгаса “Іскра”. У 1959-1962 гадах піянерскую дружыну ўзначальвала Ада Аронава. Усе піянеры і школьнікі актыўна падтрымалі заклік па зборы металалома. Дзясяткі яго тон сталі ўнёскам у будаўніцтва рэек для чыгункі Абакан — Ташкент і чыгуначнага маста праз раку Енісей, які яшчэ называюць Піянерскім мастом. Цікавымі і запамінальнымі як для самой, так і для вучняў сталі гады працы піянерважатай Веры Татаровіч. Вось, што яна піша ў сваім лісце да піянераў дружыны праз гады: “…Как хочется и теперь вместе с вами вернуться в ту далёкую волшебную страну “Пионерию”, где все мы вместе осуществляли удивительные походы, организовывали увлекательные мероприятия…”. Пад кіраўніцтвам піянерважатай Валянціны Касарэўскай у дружыне ў традыцыю ўвайшло правядзенне Дня юнага героя-антыфашыста. Піянеры прынялі актыўны ўдзел у зборы падарункаў для дзяцей ваюючага В’етнама.
Новыя школьныя ініцыятывы
Галіна Іванаўна Сікора ўзначальвала школу з 1987 года. Яна была першым ініцыятарам закладкі на ўчастку дэндрарыя памяці садавода Івана Сікоры. Вучні і настаўнікі заклалі яго з раслін-экзотаў і рэдкіх парод дрэў і кустарнікаў, прывезеных з Глыбоцкага лясгасу. З яе дапамогай у канцы 80-х гадоў адкрыўся і музей, прысвечаны вядомаму садаводу. Першапачаткова размяшчаўся ён побач са школай.
Непазнавальна змянілася школа і прылеглая тэрыторыя ў 1992 годзе. Ва ўстанове адукацыі правялі капітальны рамонт, разбілі мноства кветнікаў, заасфальтавалі дарожкі і пляцоўкі, у класных пакоях з’явілася новая школьная мэбля.
Не засталіся ў баку настаўнікі і вучні ад урачыстага святкавання 50-годдзя Вялікай Перамогі. У гонар сваіх землякоў, якія змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах і на франтах, 8 мая 1995 года разам з ветэранам вайны Пятром Маісеевічам Слаўнікавым каля школы была пасаджана бярозавая алея.
Наступны год стаў адметным у гісторыі існавання Слабадской СШ — ёй споўнілася 60 год. На ўрачысты вечар, прысвечаны юбілею роднай школы, прыйшлі выпускнікі розных гадоў, настаўнікі-ветэраны. Сярод ганаровых гасцей, якія прысутнічалі на свяце, была і загадчыца раённага аддзела адукацыі Галіна Леанідаўна Клакоўская — выпускніца Слабадской сярэдняй школы 1970 года.
Усё лета 1998 года настаўнікі праводзілі рэпетыцыі і рыхтаваліся да раённага конкурсу КВЗ сярод педагагічных калектываў. Назва ў каманды была “Перамога”. Само выступленне адбылося на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў у райцэнтры. Выдатны сцэнарый, які распрацаваў настаўнік Сяргей Татарчук, умелая ігра на сцэне самадзейных артыстаў і, канечне ж, назва каманды, дазволілі настаўнікам Слабадской СШ заняць другое месца і атрымаць у падарунак пральную машыну.
Супрацоўнікі музея Івана Сікоры ў 2006 годзе чарговае святкаванне Яблычнага Спасу вырашылі прысвяціць 70-годдзю школы. Па крупінках шукаўся дакументальны матэрыял для афармлення выставы. Запісваліся ўспаміны жыхароў навакольных вёсак для складання сцэнарыя праграмы. Дапамогу аказалі дырэктар школы Тамара Паўлаўна Сікора, якая ўзначаліла ўстанову ў 2003 годзе, былыя выпускнікі і настаўнікі. Па стане здароўя не многія педагогі-ветэраны змагі прыйсці на ўрачыстасць, але тыя, каму пашчасціла ў той дзень трапіць у Алашкі, надоўга запомнілі гэта свята.
Апошні школьны званок
Калі ў вёсцы закрываецца школа, то мясцовыя жыхары ўспрымаюць гэта вельмі балюча. Іх рэакцыя абсалютна апраўданая і зразумелая. Аднак у гэтага працэсу няма іншых варыянтаў. Трэба разумець, што закрываюцца яны па ўсёй краіне. Для гэтага ёсць, канечне, не радасныя, але аб’ектыўныя прычыны: адток сельскага насельніцтва ў гарады, асабліва маладых сем’яў і, у выніку, памяншэнне колькасці вучняў.
Пагодным майскім ранкам 2011 года прагучаў апошні школьны званок для дзевяці вучняў 11 класа Слабадской СШ. Ён і сапраўды стаў такім не толькі для выпускнікоў, але і для настаўнікаў, і для самой установы. Слабадская сярэдняя школа ў той год была закрыта.
За гады яе існавання як сярэдняй школу закончылі звыш сямісот юнакоў і дзяўчат, дзясяткі з іх узнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Але галоўнае, што ўсіх вучняў і настаўнікаў сцены навучальнай установы дзесяцігоддзямі сагравалі як цяпло роднага дома, дзе ішло выхаванне, навучанне дзяцей і падлеткаў, станаўленне іх як асоб для будучага самастойнага жыцця.
Сёлета Слабадской СШ спаўняецца 80 год. Напэўна, дарэмна шкадаваць пра тое, што дзверы ў ёй зачыненыя, што не чутна больш там дзіцячых галасоў і залівістага званка. Ход супярэчлівай часам гісторыі нам ужо не перайначыць, тым больш, што і сама гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Выпускнікі і былыя настаўнікі месцам сустрэчы школьных сяброў у апошнія гады абралі Жукоўшчынскі сельскі клуб. На 9 ліпеня назначана чарговае спатканне з аднакласнікамі, любімымі педагогамі, з далёкім бесклапотным дзяцінствам і шчаслівым юнацтвам.
Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК.

