У шаркаўшчынскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа з 4 па 11 верасня адбыліся святыя місіі. Падзея, якую вельмі чакалі мясцовыя вернікі, стала добрай падрыхтоўкай да святкавання юбілею касцёла. Сёлета святыня адзначыла 20-годдзе са дня свайго асвячэння і адбылася гэта радасная падзея ў аўторак, 13 верасня, падчас тытульнага фэсту Узвышэння Святога Крыжа. Шмат людзей сабралася ў гэты дзень ля касцёла.
На пачатку святой Імшы вернікі сустрэлі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Ксёндз Крыштаф Сілкоўскі прывітаў кіраўніка дыяцэзіі, падзякаваў яму за тое, што знайшоў час, каб папрысутнічаць на свяце і папрасіў адправіць святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх парафіянаў, а таксама асвяціць адноўленую стацыю Крыжовай дарогі, якая цудам захавалася са старога касцёла. Пасля гэтага ён прывітаў прадстаўнікоў мясцовай улады: намесніка старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома, старшыню раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Н. І. Баговіч, усіх святароў, якія прыехалі на ўрачыстасць, гасцей і вернікаў.
Старажылы парафіі, якія стаялі ля вытокаў яе адраджэння, хлебам-соллю сустрэлі біскупа Алега Буткевіча. Пасля цёплых слоў прывітання біскуп распачаў святую Імшу. У сваёй гаміліі ён звярнуў асаблівы акцэнт на тое, што ўсе дарогі ў нашым жыцці павінны весці да храма. І асабліва гэта адчуваецца ў Шаркаўшчыне, бо з якога б боку ты не ехаў, або ішоў праз горад, усе дарогі праходзяць каля храма. Далей біскуп адзначыў, што 20 год зусім малады ўзрост, але ўжо свядомы для чалавека, для святыні — гэта пачатак новай гісторыі, якую ўжо мае касцёл і якая будзе працягвацца яшчэ доўгія гады. Узгадаў ён і пра апошняга пробашча былога касцёла Казіміра Радзішэўскага і ксяндза Юзафа Бульку, які стаў першым пробашчам адроджанай парафіі пасля бязбожных часоў. А таксама падкрэсліў, што матэрыяльныя каштоўнасці ніколі не заменяць духоўных.
Ганаровымі гасцямі на свяце былі наступныя святары: Чэслаў Куцмеж з Варапаева (раней працаваў у Шаркаўшчыне), Аляксандр Фядотаў з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, Андрэй Сіповіч — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску і прэлат Францішак Кісель з Полацка. Сярод прысутных святароў Шаркаўшчынскага дэканату былі ксяндзы: Ян Пугачоў, Марат Казлоўскі, Аляксей Асон, Ежы Ноцунь. Таксама на свята завіталі святары: Мікалай Ціхановіч (Глыбокае), Зянон Рамейка (з Астрыцы Гродзенская вобласць), Станіслаў Мжыглуд (Браслаў), Вальдэмар Куява і Уладзімір Шыдлоўскі (Удзела), сястра законная Надзея Рачыцкая.
Не змаглі прыехаць, але былі запрошаны ксёндз Антоній Клімантовіч, які працуе ў Мінскай катэдры, ксёндз Мікалай Ліпскі з касцёла Святога Юды-Тадэвуша (в. Лучай Пастаўскі раён).
Напрыканцы святой Імшы да святароў, якія прысутнічалі на ўрачыстасці і вернікаў, якія рыхтавалі свята, звярнуўся ксёндз Крыштаф Сілкоўскі. У сваім выступленні ён выказаў асаблівую ўдзячнасць мастаку В. Ф. Круку за аднаўленне 12 стацыі Крыжовай дарогі, а таксама падзякаваў вернікам, намаганнямі якіх была надрукавана кніга-гісторыя нашага касцёла “Брамай Міласэрнасці ёсць Крыж…”. Яна была спецыяльна выдадзена да ўрачыстасці і перададзена ў дар кожнаму ганароваму госцю на памяць аб гэтым свяце.
Ад імя прадстаўнікоў раённай улады выступіў Ю. А. Васілеўскі. Ён павіншаваў прысутных са святам і ўручыў памятны падарунак — вазу ручной работы.
Словы падзякі вернікі каталіцкай канфесіі выказалі ксяндзу Крыштафу Сілкоўскаму. Бо менавіта пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны касцёл і завершана будаўніцтва парафіяльнага дома. Як вельмі ўдала зазначылі вернікі: “Амаль 20 гадоў ксёндз Крыштаф будуе ў нашых сэрцах касцёл духоўны.”
Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас усіх святароў, якія працавалі ў розныя гады ў касцёле: прысутнаму ксяндзу Чэславу Куцмежу і таму, хто не змог прыехаць — ксяндзу Збігневу Бояру. Усім святарам, якія паходзяць з Шаркаўшчынскай парафіі і сястры законнай Надзеі, людзям, якія пачыналі адраджаць гісторыю нашай парафіі Чэславу Рачыцкаму і Тэрэзе Ахрамёнак.
Пасля ўсіх цёплых слоў адбылося асвячэнне рэліквіі шаркаўшчынскай парафіі — стацыі Крыжовай дарогі.
Біскуп Алег назваў стацыю мастом, які злучае сучаснасць і мінулае і нагадвае пра памяць продкаў.
Пасля кароткай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамантам усе рушылі ва ўрачыстай працэсіі па вуліцах райцэнтра, завяршыўшы такім чынам святочную Літургію.
Падарункам да свята стаў невялічкі канцэрт, падрыхтаваны арганісткай Святланай Гірстун. Мясцовая моладзь, а гэта Ірына Мікулан, Крысціна Валяўка, Святлана Клімза, Віталій Гірстун, Кацярына Петух, Станіслаў Руткоўскі, Марыя Стральчонак, Аня Чупрова парадавалі прысутных выкананнем спеваў пад акампанемент гітары, прагучала некалькі кампазіцый на скрыпцы. У сваіх спевах і вершах маладыя людзі дзякавалі Богу за гэты касцёл і за магчымасць Бога праслаўляць. Вельмі ўзрушыла юная паэтка Святлана Клімза, якая прачытала ўласны верш, у якім адлюстравала ўсю трагічную гісторыю былой святыні.
Варта нагадаць, што былы шаркаўшчынскі касцёл быў зачынены ў 1948 годдзе і ператвораны ў зернесховішча, а ў 1963 годзе сцёрты з твару зямлі. Двухвежавая драўляная святыня знаходзілася на левым узбярэжжы Дзісёнкі, прыкладна на месцы, дзе зараз размешчана Белаграпрамбанк.
Свята атрымалася такім жа цёплым, як і вераснёўскі дзень, у які ўсе дарогі вялі ў касцёл.
З гісторыі парафіі:
Гісторыя Шаркаўшчынскай парафіі пачынаецца з 16 стагоддзя, калі ў маёнтку Чырвоны Двор Сапегам была пабудавана капліца. 3 16 па 19 стагоддзе Шаркаўшчына з’яўлялася часткай парафіі Новы Пагост. Дзякуючы намаганням ксяндза Пятра Валюшкіна і парафіян, касцёл у мястэчку Старая Шаркаўшчына пачалі будаваць ў 1902 годзе. Ён знаходзіўся прыкладна на месцы паміж “Домам рамёстваў” і Белаграпрамбанкам. Асвяцілі касцёл у 1907 годзе ў гонар Узвышэння Святога Крыжа. З гэтага часу пачынаецца гісторыя Шаркаўшчынскай парафіі.
Гісторыя Шаркаўшчынскай парафіі — гісторыя Хрыста, Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага. Бог паказаў, што ён Пан гісторыі і што менавіта ён піша проста на яе звілістых лініях і ставіць апошнюю кропку над “і”. Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі. З 1989 года Шаркаўшчыну пачаў наведваць ксёндз Юзаф Булька.
Першыя святыя Імшы адпраўляліся спачатку ў дамах вернікаў, а з 1990 года — у каплічцы, якую вернікі ласкава называлі “зялёны домік”. З гэтай каплічкі пачалося адраджэнне веры і думка аб будаўніцтве новага храма.
Такім чынам, пачынаўся новы віток гісторыі Шаркаўшчынскай парафіі, якая афіцыйна была зарэгістравана ў 1992 годзе. У гэтым жа годзе было вызначана месца для будаўніцтва новай святыні. Пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа Булькі быў закладзены падмурак новага касцёла.
8 чэрвеня 1992 года пробашчам Шаркаўшчынскай парафіі прызначаны ксёндз Крыштаф Сілкоўскі з закону Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ён пачаў будаваць новы касцёл.
Трэба адзначыць, што, будуючы новую святыню, ксёндз Крыштаф рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы касцёл — Народ Божы — жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі. Вялікую дапамогу ў справе будаўніцтва касцёла аказала пані Марыя Хадзкевіч, якая збірала сродкі на будаўніцтва ў парафіях Польшчы.
Вялікую падтрымку і дапамогу аказаў кіраўнік раённага выканаўчага камітэта ў той час — Леанід Клакоўскі. Шматлікія арганізацыі і іх кіраўнікі, можна сказаць, што касцёл будаваўся сіламі ўсяго раёна, нягледзячы на веравызнанне і погляды людзей. Ніхто не мог адмовіць у дапамозе гэтай вялікай працы — будоўлі новай святыні. Вернікі радаваліся таму, што ўжо маюць касцёл і, у яшчэ не дабудаванай святыні, адпраўлялася святая Імша.
14 верасня 1996 года нарэшце касцёл быў пабудаваны. Пад кіраўніцтвам ксяндза Крыштафа парафія развіваецца, узрастае колькасць вернікаў. Ён арганізоўвае пешую пілігрымку ў Будслаў, праводзіць сустрэчы з дзецьмі і моладдзю, лагеры адпачынку, малітоўныя выезды па святынях Беларусі і ў Літву да Маці Божай Вострабрамскай.
У лютым 1998 года ксёндз Крыштаф атрымаў прызначэнне на працу ў Паставы ў касцёл “Святога Антонія Падуанскага”.
3 лютага 1998 года па кастрычнік 2000 года у Шаркаўшчыне працуе ксёндз Збігнеў Бояр. За няпоўныя два гады працы, як душпастыр, арганізоўвае малітоўныя сустрэчы для моладзі, пад яго кіраўніцтвам распачынаецца сістэматычная катэхэза для дзяцей і моладзі ад 1-га па 11-ты класы, з двухгадовай падрыхтоўкай да сакрамэнтаў першай Споведзі і Святой Камуніі. Вёў вялікую духоўную працу з сем’ямі парафіі.
З кастрычніка 2000 па лістапад 2003 года у парафіі “Узвышэння Святога крыжа” працуе ксёндз Чэслаў Куцмеж.
З яго прыходам у парафіі распачынаюць працу законныя сёстры з ордэна “сясцёр Бэтанскай сям’і”. Ён арганізоўвае сямейны рух “Хатні касцёл”, першую пешую пілігрымку ў Браслаў у санктуарый “Маці Божай Валадаркі Азёраў”. Пад яго кіраўніцтвам распачынаецца будаўніцтва новага парафіяльнага дома.
У лістападзе 2003 года у Шаркаўшчыну зноў вяртаецца ксёндз Крыштаф Сілкоўскі, які і працуе ў касцёле па сённяшні дзень. Пад яго кіраўніцтвам ў 2005 годзе было завершана будаўніцтва парафіяльнага дома з прыгожым катэхэтычным класам для заняткаў дзяцей і моладзі. Заняткі праводзіць катэхэтка Галіна Іванаўна Трызна.
Кожны год летам для дзяцей арганізоўваюцца лагеры адпачынку “Канікулы з Богам”, якія праводзяцца на тэрыторыі раёна, так і далёка за яго межамі.
Пад кіраўніцтвам арганісткі Святланы Пятроўны Гірстун кожны год дзеці і моладзь удзельнічаюць у фестывалі каляднай песні “Зорка Бэтлеему” у Міёрах і амаль заўсёды вяртаюцца з узнагародамі.
Алена АНАНІЧ.
Крыж — знак збаўлення
У веры сімвалаў ёсць многа,
Што раяць нам дайсці да Бога,
Адзін з важнейшых — Крыж Святы,
Яго ўсхваляюць усе мясты.
Памёр на ім святы Хрыстос,
Збаўленне светлае прынёс.
Быў час — крыжы з грудзей зрывалі,
І іх зусім не шанавалі.
А тых, хто верыў, забівалі
Пра цуды Бога забывалі.
Быў у Шаркоўшчыне касцёл,
Яго ўсе ведалі наўкол,
На беразе Дзісны стаяў,
І людзям верыць памагаў.
Часы ліхія наляцелі,
І веру знішчыць захацелі,
Касцёл цудоўны разбурылі,
Крыжы ў рэчцы патапілі…
І шмат гадоў усе найкола
Жылі без храма, без касцёла.
А мы жывём у час другі,
Касцёл мы маем дарагі.
Маліся шчырэй да Пана,
Каб радасць нам была спаслана,
Ізноў касцёл пабудавалі,
Імя “Узвышэння Крыжа” далі.
Цяпер ужо крыжы шануюць,
На ўрачастасці — цалуюць.
Мы знак Крыжа з маленства робім,
Жывём сям’ёй у здабытку добрым,
Узвышаем крыж і верым ў Бога,
Які дае нам шчасця многа.
Святлана КЛІМЗА.






















