Арганізатарам рэспубліканскага конкурсу з’яўляецца грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Конкурс дае магчымасць не толькі зрабіць першы крок да стварэння свайго інавацыйнага праекта, але і зразумець усе яго слабыя месцы, удасканаліць яго, увасобіць у жыццё! Гэта ўсё дазволіць паспрыяць пашырэнню межаў маладзёжнага прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. У конкурсе прыняло ўдзел больш за 7500 маладых людей, сярод іх і шаркаўчане. 28 кастрычніка ў Глыбоцкай школе № 1 адбыўся першы этап конкурсу, у якім прымалі ўдзел вучні, педагогі і моладзь. Усяго было прадстаўлена 10 праектаў, у тым ліку Шаркаўшчынскай СШ № 1 і Лужкаўскай СШ.
З 10 праектаў у другі тур прайшлі 5. Ён будзе праходзіць у Віцебску. Усе праекты былі цікавыя, але мне вельмі спадабаўся праект “Бібліятэка для школьніка», які стварыў дзесяцікласнік Вадзім Рудак. У зручным фармаце інфармацыя неабходна для школьніка (падручнікі, слоўнікі, перакладчыкі і нават фізкультхвілінкі) змешчана ў мабільным тэлефоне для аперацыйнай сістэмы Android. З дапамогай праграмы «Бібліятэка для школьніка» вучні змогуць хутка знайсці патрэбную інфармацыю і выкарыстоўваць яе на ўроках і дома. Гэта дасць магчымасць вучням, якія, напрыклад, маюць праблемы са здароўем, не насіць цяжкія партфелі ў школу. Я думаю, гэты праект будзе карыстацца ў вучняў вялікай папулярнасцю.
Конкурс «100 ідэй для Беларусі» дапаможа ажыццявіць многія задумы дзяцей, а гэта значыць, усім разам развіваць і ўпрыгожваць Беларусь. Праект Лужкаўскай школы «Дзеці — будучыня мовы» таксама прайшоў у наступны этап. Мы верым, што праца над ім абавязкова прынясе свой плён.
Юлія БАГАМОЛАВА,
вучаніца 8 класа Лужкаўскай СШ, член гуртка «Прэс-цэнтр «Веснік».
