І ў 72 гады за рулём трактара! (інтэрв’ю з ветэранам працы, механізатарам ААТ «Жвіранка» Віктарам Баляслававічам Дулінскім)

Сельское хозяйство

964Ці надаралася вам, паважаныя чытачы, магчымасць бачыць мужчыну-трактарыста, які на восьмым дзясятку сваіх гадоў працуе ў сельгаспрадпрыемстве, упэўнена кіруе тэхнікай? Такі чалавек жыве ў аграгарадку Більдзюгі і шчыруе механізатарам у адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка”. Завуць яго Віктар Баляслававіч Дулінскі. Пра гэтага паважанага чалавека неаднаразова расказвалася на старонках нашай газеты. Але мы ў чарговы раз вырашылі наведацца да ветэрана працы, каб уласна пацікавіцца пра яго жыццё, заняткі і проста пагутарыць за кубачкам гарбаты, якой нас пачаставала гаспадыня дома і спадарожніцца жыцця Віктара Баляслававіча Таіса Васільеўна.

— Віктар Баляслававіч, адкуль вам стае сілы і сёння дапамагаць мясцоваму сельгаспрадпрыемству? Ці не задумваліся над тым, што пара ўжо адпачыць ад такой цяжкой справы?

— Жыццёвая загартоўка дапамагае яшчэ цвёрда трымацца на нагах. А яшчэ, канечне, любімая жонка, дзеці, унукі — усё гэта разам дапамагае працягвае працаваць.

— Вы, напэўна, з дзяцінства марылі стаць трактарыстам?

— Не скажу, што гэта менавіта так. Справа ў тым, што мне было 12 год, як не стала маці, а маёй малодшай сястры зусім толькі паўтара годзікі. Трэба было рана пасталець і ўзяцца за мужчынскую працу, каб мець кавалак хлеба. Перад арміяй паступіў вучыцца ў Боркавіцкае вучылішча на Верхнядзвіншчыне, каб спасцігаць механізатарскую справу.

— Як склаўся ваш далейшы лёс пасля дэмабілізацыі?

— Некаторы час працаваў механізатарам у Новым Пагосце. Маім першым “сталёвым канём” быў гусенічны трактар С-80. Затым, ужо ў роднай гаспадарцы “17 Верасня”, перайшоў на ДТ-54. Некаторы час кіраваў рычагамі ДТ-74, калясіў па калгасных палетках на Т-40, МТЗ-52. А ў 1977 годзе гаспадарка атрымала новы Т-150К. Вось на ім і выконваў розныя работы на працягу двух гадоў.

— Але, як нам вядома, большы адрэзак часу вам давялося шчыраваць на магутных “Кіраўцах”?

— Так, свой першы К-701 атрымаў у карыстанне ў 1979 годзе. Тэхніка ўражвала сваімі памерамі, тэхнічнымі характарыстыкамі. 11 гадоў верай і праўдай адслужыў мне гэты трактар. Акрамя сельгасработ на палетках яшчэ займаўся транспарціроўкай лесу, будматэрыялаў не толькі з гарадоў нашай рэспублікі, але і з Латвіі, Літвы. А ў 1990 годзе кіраўніцтва калгаса імя Кутузава даверыла мне новы К-701.

— Віктар Баляслававіч, вам ужо 72 гады, а яшчэ і сёлета працавалі на трактары ў гаспадарцы. Не надакучыла?

— Улетку праводзіў па просьбе дырэктара сельгаспрадпрыемства рамонтныя работы з тэхнікай. Вырашыў, што трэба адгукнуцца на просьбу. Такое ў мяне жыццёвае крэда: дапаможаш ты — не застанешся без дапамогі і падтрымкі іншых людзей.

— А калі папросяць на вясеннюю пасяўную зноў сесці за руль “Кіраўца”, згодзіцеся?

— Пакажа час, калі здароўе дазволіць, магчыма, трэба будзе і адгукнуцца на прапанову.

На развітанне мы падумалі, што матэрыял пра Віктара Баляслававіча будзе няпоўным, калі не зробім яго здымак побач з тэхнікай. А ў падворку гаспадара, між іншым, яе дастаткова. У адным гаражы стаіць легкавы аўтамабіль, у другім мотаблок. Але мужчына захацеў сфатаграфавацца каля ўласнага МТЗ-82. Стаіць ён, прысыпаны снегам, нібы ў чаканні хутчэйшага надыходу вясны, каб са сваім гаспадаром выехаць на палеткі.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *